Унікальнае гідратэхнічнае збудаванне XIX стагоддзя, знакамітая штучная артэрыя на воднай карце Еўропы і адна з самых прыгожых выдатных мясцін Беларусі і Польшчы – Аўгустоўскі канал – зноў адкрывае турыстычны сезон. Пасля ўвядзення ў кастрычніку 2016 года бязвізавага рэжыму на яго тэрыторыі пабывалі звыш 7,6 тысячы турыстаў з 35 краін свету. І гэта далёка не мяжа! У канцы красавіка тут адкрыецца адзіны ў Еўрапейскім саюзе рачны прыгранічны пункт пропуску "Лясная-Рудаўка".
У першыя выхадныя красавіка звыш 300 спартсменаў і аматараў актыўнага адпачынку з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы вітаў Міжнародны фестываль воднага турызму "Нёманская вясна-2017". Акрамя традыцыйнай 12-кіламетровай дыстанцыі (шлюз "Нямнова" – плаціна "Чарток"), у праграму 42-га па ліку фэсту ўвайшоў і экстрэмальны, ужо апрабаваны прафесіяналамі марафон па звілістай, знакамітай сваімі крутымі парогамі і хуткім цячэннем рацэ Чорная Ганча (Гродзенскі раён).
У рамках вясенняга свята на Аўгустоўскім канале адбыліся спаборніцтвы на Кубак Беларусі, абласны чэмпіянат і першынство Гродзенскай вобласці па тэхніцы воднага турызму, у якіх прынялі ўдзел зборныя каманды Мінска і абласцей, а таксама гарадоў, раёнаў, турыстычных клубаў і арганізацый.
Эксклюзіўныя кадры з адкрыцця турыстычнага сезона-2017 на Аўгустоўскім канале – у рэпартажы Belarus.by.