Галоўная грамадска-палітычная падзея 2016 года – V Усебеларускі народны сход адкрыўся ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. На ўсенародны форум пяцігоддзя ў Мінску сабраліся дэлегаты ад кожнага рэгіёна краіны – аўтарытэтныя кіраўнікі ўсіх узроўняў, спецыялісты, якія прадстаўляюць розныя прафесіі, галіны эканомікі і сацыяльнай сферы, вядомыя грамадскія дзеячы і маладзёжныя лідары… Акрамя таго, у ліку запрошаных – замежныя госці: прадстаўнікі беларускіх дыяспар, міжнародных арганізацый і інтэграцыйных аб'яднанняў, кіраўнікі дыпламатычных місій...
У насычаным раскладзе двух дзён форуму – падвядзенне ключавых вынікаў развіцця краіны за папярэдняе пяцігоддзе і абмеркаванне стратэгічных задач на будучыню. Напярэдадні Усенароднага сходу быў апублікаваны праект Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Маштабны план абазначыў прыярытэты Беларусі ва ўнутранай і знешняй палітыцы, кропкі росту эканомікі, сацыяльныя арыенціры – усе гэтыя тэмы будуць абмеркаваны на падагульняючым народным вечы.