Унікальны шматнацыянальны фестываль, гісторыя якога пачалася ў 1996 годзе, за два дзесяцігоддзі стаў не толькі візітнай карткай беларускага Гродна, але і адным з вядучых культурных і турыстычных брэндаў краіны. Па традыцыі раз у два гады творчы форум, не маючы па сваім фармаце аналагаў у свеце, аб’ядноўвае ў "каралеўскім" горадзе прадстаўнікоў этнічных груп з розных рэгіёнаў Беларусі і іншых дзяржаў. Галоўная ідэя-заклік нязменная – захоўваць нацыянальную самабытнасць, адначасова ўмацоўваючы адзінства і дружбу.
У першыя выхадныя чэрвеня 2016-га – Года культуры ў Беларусі – XI Рэспубліканскі фестываль сабраў каля 800 артыстаў, якія прадстаўлялі 37 народаў свету, у тым ліку выхадцаў з Сірыі, Нігерыі, Шры-Ланкі, ЗША… На два дні гістарычны цэнтр Гродна ператварыўся ў маштабную арт-пляцоўку, дзе разгарнуліся нацыянальныя падворкі, майстэрні мастакоў-партрэтыстаў, фотазоны, fashion-шоу з дэманстрацыяй народнага адзення, танцавальныя майстар-класы і – упершыню – спартыўны турнір, які азнаёміў гасцей з традыцыйнымі гульнямі народаў свету ад кідання валёнка да амерыканскага футбола…
Самыя цікавыя падзеі і запамінальныя моманты фестывалю нацыянальных культур-2016 – у фотарэпартажы…