На календары сімвалічнага і багатага на творчыя юбілеі Года культуры будзе шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Івану Шамякіну, а першыя ўрачыстасці, вядома ж, адбыліся на яго малой радзіме – у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці.
У роднай вёсцы Шамякіна Карме 6 лютага на сцяне бібліятэкі, якая носіць імя класіка, адкрылі мемарыяльную дошку. Удзельнікамі цырымоніі сталі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і зямляк Шамякіна – генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.
У Добрушскім краязнаўчым музеі ў гонар знакамітага пісьменніка адкрылася абноўленая экспазіцыя. Гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў на два месяцы прывёз з галоўнай скарбніцы краіны карціны 15 аўтараў, у тым ліку – напісаны 30 гадоў таму партрэт Івана Шамякіна пэндзля Нінэль Шчаснай. Тут жа– фатаграфіі з сямейных альбомаў, якія перадалі сваякі Шамякіна.