Мінскі паўмарафон, які сабраў у цэнтры сталіцы больш як 400 спартсменаў з 36 краін свету і тысячы беларускіх аматараў бегу, стаў галоўнай спартыўнай падзеяй, прысвечанай Дню горада. У забегах на 5, 10 і 21,1 км прынялі ўдзел 16 099 зарэгістраваных атлетаў. А з улікам тых, хто далучыўся да паўмарафону без папярэдняй заяўкі, агульная колькасць бегуноў была як мінімум на 3 тысячы больш.
Прысутны на мерапрыемстве прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі Свэн Арнэ Хансэн адзначыў: "Ніколі ў жыцці не бачыў, каб паўмарафон паспяхова праводзіўся з першага разу. Беларусі гэта зрабіць удалося. Як прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі ганаруся вамі".