У Мінску 6 чэрвеня стартаваў XXVIII Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях "ТІБО-2022". Гэта ўнікальная пляцоўка для абмену перадавым вопытам у сферы інфармацыйных тэхналогій, аналізу лепшых сусветных практык лічбавай трансфармацыі і абмеркавання перспектыў эфектыўнага выкарыстання найноўшых тэхналагічных трэндаў у традыцыйных галінах эканомікі.
На працягу пяці дзён дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя кампаніі прадстаўляючь свае распрацоўкі і тэхналогіі на пляцоўцы "Мінск-Арэны". Напрыклад, РУП "Белпошта" прапануе азнаёміцца з электроннымі лічбавымі сэрвісамі, якія распрацоўваліся апошнія некалькі гадоў – адпраўкі пасылак або карэспандэнцыі без удзелу аператараў, ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі карыстальнікаў пры дапамозе ID-картак, аплаты паслуг з дапамогай электроннага асабовага рахунку.
Сфера адукацыі прадстаўлена тэхналагічнымі паркамі і адукацыйнай алеяй, дзе размясціліся стэнды вядучых беларускіх ВНУ. Тэхнапаркі – сувязнае звяно паміж навукай і адукацыяй, і практычна ў кожным універсітэце Беларусі ёсць свой тэхнапарк. Перадавыя распрацоўкі на "ТІБО-2022" прэзентавалі БНТУ ("Палітэхнік"), БДУ, ПДУ і іншыя ўніверсітэты краіны.
Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях "ТІБО-2022" прадоўжыцца да 10 чэрвеня. На выстаўцы прадукцыю і паслугі прадстаўляюць вядомыя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сэрвісаў для масавага і карпаратыўнага сегмента, навуковыя і адукацыйныя ўстановы. На пляцоўцы "Мінск-Арэны" пройдуць IV Еўразійскі лічбавы форум, V Беларускі ІКТ-саміт і II Форум "Лічбавая эканоміка". У апошні дзень работы форуму падвядуць вынікі інтэрнэт-прэміі "ТІБО-2022", конкурсу стартапаў Belarus ICT Startup Award і рэспубліканскага конкурсу па падтрымцы і развіцці маладзёжных ініцыятыў "Агра 4.0".