Беларусь славіцца сваёй прыроднай прыгажосцю – нацыянальнымі паркамі, запаведнікамі, ландшафтнымі заказнікамі, дзе захаваліся сапраўды ўнікальныя прыродныя тэрыторыі. Аднак нашай Сінявокай яшчэ ёсць чым здзівіць падарожнікаў. Далёка немногія бачылі рукатворныя славутасці краіны – штучныя вадаёмы блакітнага, ярка-бірузовага і нават ізумруднага колеру, глыбокія каменныя"каньёны", высокія "горы", што ўтварыліся ў месцах здабычы карысных выкапняў, у тым ліку пяску, мелу, вапняку, калійнай солі...
Так, не ўсе з іх лёгка наведаць, а з-за павышанай небяспекі існуюць забароны і абмежаванні прадпрыемстваў, але нават гэта не спыняе аматараў эфектных кадраў. Belarus.by сабраў для вас гэтыя найпрыгажэйшыя краявіды: пагадзіцеся, часта яны нагадваюць сюжэты з фантастычных фільмаў. Сёння дзякуючы незвычайным здымкам у сацсетках можна выдзеліць найбольш папулярныя лакацыі...
Краснасельскія кар'еры (Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць), якія называюць "беларускімі Мальдывамі", распасцерліся на кіламетры, а іх глыбіня месцамі дасягае 30 метраў! Аднак трэба помніць, што гэта вытворчыя аб'екты ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", таму вадаёмы закрыты для наведвання і купання, спыненне аўтамабіляў паблізу іх забаронена.
Салігорскія тэрыконы (Мінская вобласць) утварыліся на месцы распрацовак "Беларуськалія" – аднаго з сусветных лідараў па вытворчасці калійных солей і мінеральных угнаенняў.
Бярозаўскія мелавыя кар'еры (наваколле г. Бяроза, Брэсцкая вобласць) – чатыры кар'еры, глыбіня самага "маладога" з якіх дасягае 40 метраў, распрацоўваліся з 1930 года. У савецкі час (з 1961 па 1990 гады) тут вялася здабыча карысных выкапняў Новабярозаўскім вапнавым заводам.
Любанскі кар'ер (в. Хацінава, Любанскі раён, Мінская вобласць) утварыўся на месцы здабычы мелу ў 1979–1999 гадах ад камбіната будаўнічых матэрыялаў ААТ "Беларускі цэментны завод". Берагі маляўнічага бірузовага вадаёма (глыбіня дасягае 30 м!,) каб пазбегнуць абвалаў, умацаваны ляснымі пасадкамі – соснамі і бярозамі.
Гродзенскія мелавыя кар'еры размешчаны на паўночна-заходняй ускраіне горада (6 км ад цэнтра) і атрымалі жартоўныя назвы Сінька і Зялёнка з-за колеру вады, якой запоўніліся з цягам часу. Глыбіня кар'ераў прыкладна роўная вышыні 10-павярховага дома!
Адзінае ў Беларусі радовішча гранітузнаходзіцца ў Лельчыцкім раёне Брэсцкай вобласці (г.Мікашэвічы), дзе ў 1970-я гады пачалася распрацоўка і пачаў фарміравацца самы вялікі гранітны кар'ер у Еўропе. Сёння ён расцягнуўся на 2760 м з захаду на ўсход і на 1770 з поўначы на поўдзень. Глыбіня кар'ера складае 150 м, што на 20 м ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора. І гэта сапраўды чароўнае відовішча! За многія гады кар'ер стаў падобны на вялізны тэрасны амфітэатр: па яго перыметры працягнуліся прыступкі-дарогі, і каб дабрацца да дна, самазвалам трэба пераадолець больш за 15 віткоў. З вышыні магутныя самазвалы БЕЛАЗ тут здаюцца мініяцюрнымі, нібы цацачнымі машынкамі.
На фота: восень на Любанскім кар'еры