Акрэдытацыю ў інфармацыйным цэнтры ЦВК "Выбары-2019" атрымалі 678 прадстаўнікоў СМІ, паведаміў 15 лістапада журналістам першы намеснік міністра інфармацыі, кіраўнік інфацэнтра Павел Лёгкі.
Інфацэнтр практычна гатовы да работы. "Наладжана відэа-канферэнц-сувязь з рэгіёнамі, створаны неабходныя ўмовы для работы журналістаў. Мы акрэдытавалі 678 прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку 323 замежныя", - праінфармаваў Павел Лёгкі.
"Акрамя таго, мы запрасілі групу амаль з чатырох дзясяткаў экспертаў, якія будуць каменціраваць тэматыку парламенцкіх выбараў", - адзначыў ён.
Па традыцыі інфацэнтр размясціўся ў малой зале Палаца Рэспублікі. "Тут ёсць усё неабходнае, каб цэнтр працаваў як гадзіннік", - падкрэсліў першы намеснік міністра інфармацыі.
Адкрыецца інфацэнтр 17 лістапада (першая прэс-канферэнцыя запланавана на 10.00) і будзе працаваць да глыбокай ночы. На наступны дзень, 18 кастрычніка, ЦВК агучыць тут папярэднія вынікі выбараў. Плануюцца таксама прэс-канферэнцыі наглядальных місій.
Інфацэнтр быў адкрыты ў 2001 годзе на выбарах Прэзідэнта. Ён прызначаны быць пляцоўкай для камунікацыі Цэнтрвыбаркама і журналістаў, дзе яны могуць атрымаць самую свежую інфармацыю з першых вуснаў.