Другі спаборніцкі дзень адкрытага чэмпіянату Еўропы па біятлоне ў "Раўбічах" завяршыўся змешанай эстафетнай гонкай.
Чэмпіёнам стала каманда Швецыі, на другой пазіцыі біятланісты Германіі, трэцяе месца ў каманды Беларусі, за якую выступалі Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Раман Ялётнаў і Сяргей Бачарнікаў.
Беларускія біятланісты выдатна пачалі гонку. Тон задала Дзінара Алімбекава, якая захапіла лідарства і першай перадала эстафету Ганне Сола, якая замяніла Ірыну Крыўко. Пачын дзяўчат падтрымаў Раман Ялётнаў, які адправіў на заключны круг Сяргея Бачарнікава. На жаль, ён не змог дакладна адстраляцца на другім агнявым рубяжы, дапусціўшы два промахі, і ў выніку прапусціў наперад шведаў і немцаў.
Шведская каманда прайшла дыстанцыю за 1 гадз 05 мін 16,0 сек (0+8), Германія адстала на 17,1 сек (0+6), беларускія спартсмены ўступілі пераможцам 29,8 сек (0+6).