Адна з галоўных выдатных мясцін Крычава – палац Пацёмкіна – запрашае гасцей перанесціся ў дзіўнае мінулае горада, у тым ліку, вядома, у знакавы час першага падзелу Рэчы Паспалітай. Менавіта тады імператрыца Кацярына II перадала Крычаўскае староства разам з падданымі ў валоданне свайму фаварыту – Рыгору Пацёмкіну.
Асабняк князя Пацёмкінабыў пабудаваны ў кароткія тэрміны ў канцы XVIII стагоддзя (дата ўзвядзення да гэтага часу выклікае спрэчкі) па праекце вядомага архітэктара Івана Старова і прызначаны для прыёму імператрыцы са світай у час паездак у паўднёвыя ўладанні. Аднак ужо ў 1778 годзе палац, створаны па канонах класіцызму, купіў князь Ян Галынскі, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя яго перабудавалі ў неагатычным стылі.
Гісторыя палаца Пацёмкіна ў Крычаве драматычная: у 1898-м яго разбурыў пажар, а ўсе спробы ўнука князя Галынскага Стэфана яго адбудаваць пацярпелі няўдачу з-за Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі... Пасля доўгага запусцення ў 1980-я пачалася рэстаўрацыя, якая завяршылася толькі праз 20 гадоў. У 2003 годзе палац быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У нашы дні ў будынку палаца размяшчаецца Крычаўскі раённы краязнаўчы музей, музей маці і аддзел ЗАГС Крычаўскага райвыканкама. Турыстам і аматарам гісторыі варта пачынаць агляд экспазіцыі, прысвечанай гораду, з другога паверха. На першым паверсе – у авальнай зале – праводзяцца ўрачыстыя цырымоніі шлюбу.
Экскурсія па палацы князя Пацёмкіна – у галерэі.