З прыходам майскіх свят па ўсёй краіне адкрыўся сезон фантанаў. Яшчэ напярэдадні Дня працы – 30 красавіка – уключылі 35 гарадскіх "гейзераў" у Мінску. Сярод іх навінкі – класічны (каля будынка Вярхоўнага суда) і святломузычны плоскасны дынамічны (на вуліцы Пуліхава) з водным лабірынтам, купаламі і дзвюма паралельнымі струменістымі "алеямі". У гэтым годзе, каб пазбегнуць вялікага скопішча людзей, традыцыйную ўрачыстую цырымонію адмянілі, а з-за ўмоў надвор’я запуск быў перанесены на больш цёплыя дні.
Першым сімвалічную эстафету ў сталіцы падхапіў Гомель: 30 красавіка ў горадзе запусцілі больш за 10 фантанаў. Першамай стаў кропкай адліку і ў іншых абласных цэнтрах. У Магілёве ўключылі 14 вялікіх і маленькіх гейзераў, у тым ліку каскадны ў парку Падніколле і пешаходны каля ГЦ "Атрыум". У Гродне гараджан парадаваў фантан у цэнтры горада – у парку Жылібера, а ў Брэсце пасля рэканструкцыі гарадской набярэжнай на рацэ Мухавец з’явіўся плаваючы фантан.
Адкрыццё сезона фантанаў-2020 – у рэпартажы.
На фота: фантан "Оперны" каля Вялікага тэатра Беларусі