За казачную прыгажосць і асаблівую вытанчанасць неагатычны замак у Косаве называлі "рыцарскай мрояй". На працягу стагоддзяў ім валодалі ўплывовыя дынастыі: Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. Але "залаты век" маёнтка надышоў у часы багатага прамыслоўца графа Вандаліна Пуслоўскага, які першым у Беларусі ўкараніў у вытворчасць паравую машыну. Косаўскі палац праславіўся раскошнымі заламі і цудоўным паркам, у якім раслі больш як 150 відаў экзатычных раслін. У замку налічвалася больш як 100 пакояў, самым дзіўным з якіх была Парадная зала, дзе, паводле падання, прама пад шкляной падлогай плавалі рыбкі.