Пасля агучвання вынікаў галасавання гледачоў музыканты аказаліся не ў лідарах, але журы паставіла NAVIBAND самы высокі бал (12), што зрабіла групу пераможцамі. Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук выканалі песню "Гісторыя майго жыцця" на беларускай мове. Аўтар песні – Арцём Лук'яненка.
Прымаючы дыплом пераможцы адбору на "Еўрабачанне-2017", Ксенія Жук не змагла стрымаць слёз радасці.
Музыканты ўдзельнічалі ў фінале адбору з беларускамоўнай песняй другі раз. Артысты лічаць, што сёння – самы час праспяваць на "Еўрабачанні" па-беларуску.
У дзень фіналу артысты выпусцілі трэці за сваё нядоўгае творчае жыццё альбом. Альбом "Ілюмінацыя" даступны ў інтэрнэце з 20 студзеня, а прэзентуюць артысты яго на канцэрце 14 лютага ў Мінску. Калектыву крыху больш за тры гады, але музыканты ўжо маюць вялікую армію паклоннікаў і шчыльны гастрольны графік.