Юныя, але ўжо заслужаныя прадстаўнікі маладога пакалення сабраліся 24 снежня ў Палацы Незалежнасці на навагодні баль.
Удзельнікамі ўрачыстасці сталі 337 юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі. Уваходным білетам на баль для іх сталі асабістыя поспехі ў вучобе, творчасці, спорце, грамадскім жыцці. Сярод гасцей - стыпендыяты спецфонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцы, удзельнікі і лаўрэаты конкурсаў, алімпіяд, канферэнцый, прадстаўнікі валанцёрскага і студатрадаўскага руху, уладальніцы тытулаў конкурсаў прыгажосці, прызёры спартыўных спаборніцтваў.
Як належыць у адпаведнасці з бальнымі традыцыямі, запрошаны і VIP-удзельнікі. Сярод удзельнікаў урачыстасці - Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністр культуры Анатоль Маркевіч, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Баскаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марыя Васілевіч.
У гэтым годзе "культурным кодам" навагодняга балю сталі вобразы бальнай культуры XVIII-XIX стагоддзяў. Яскравым прыкладам такіх традыцый у гісторыі Беларусі з'яўляліся балі ў палацы графа Зорыча ў Шклове і графа Румянцава ў Гомелі.
Дзяўчыны ў доўгіх пышных беласнежных сукенках у суправаджэнні маладых людзей у фраках і ваенных мундзірах запоўнілі залу і, ледзь спраўляючыся з хваляваннем і эмоцыямі, выканалі свой першы бальны танец - велічны паланэз. Так адкрылася першая, класічная частка балю.