Аграгарадок Залессе за некалькіх кіламетраў ад Смаргоні – адзін з цэнтраў турыстычнага прыцягнення не толькі рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Тут размешчана сядзіба кампазітара, дыпламата, палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, які жыў тут у XIX стагоддзі. У пачатку 2010-х дзякуючы ўвазе ўлад аб'ект быў уключаны ў рэспубліканскую і абласную інвестыцыйныя праграмы, былі прыцягнуты спонсарскія сродкі і сродкі трансгранічных праектаў. Пасля маштабных рэстаўрацыйных работ удалося аднавіць "Паўночныя Афіны", як называлі сучаснікі сядзібу кампазітара, практычна ў тым выглядзе, якімі яны былі пры жыцці вядомага ўладальніка.