Незвычайную выстаўку прадставілі ў Гродне перад пачаткам урачыстага сходу, прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі. Гасцей юбілейнага мерапрыемства ў Гродзенскім абласным драмтэатры сустракалі міліцыянеры з розных эпох. Можна было ўбачыць міліцэйскую форму савецкіх часоў ад 1947 года і да пачатку 1990-х гадоў. Калекцыю з 11 узораў формы міліцыі і ўнутраных войскаў прадставіў гродзенец Станіслаў Ускоў.
Калекцыянер Сяргей Нерад падрыхтаваў экспазіцыю мадэлей міліцэйскіх машын. У драмтэатр ён прывёз каля 60 мадэлей, а ўсяго ў яго калекцыі налічваецца звыш 1,5 тыс. машын праваахоўнікаў з розных краін.