Алея кіно ў Гродне папоўнілася назвай новай карціны. Цырымонія адкрыцця новай памятнай пліты, прысвечанай кінакарціне "Замах", адбылася напярэдадні Дня горада Гродна.
"Гэты фільм для мяне дарагі. З пункту гледжання кінематаграфічнасці для мяне ён адзін з найбольш удалых. У Гродне была знойдзена фактура, якая дазваляла мне самому ў час здымак адчуваць сябе ў тым часе (напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. - Заўвага). Аптэка, якая цяпер з'яўляецца аптэкай-музеем, была падобна на нейкую чарадзейную лабараторыю, і гэта так было здорава. Фарны касцёл і тое, што вакол яго, нейкія лабірынты, хады. Фактура запаветных месцаў Гродна шмат што прыўнесла ў карціну", - сказаў рэжысёр кінакарціны Аляксандр Яфрэмаў.
Гродна карыстаецца папулярнасцю ў кінематаграфістаў. Горад "зняўся" больш як у 50 фільмах: кожнаму з іх будзе прысвечана асобная пліта на алеі кіно. Пачалася яе гісторыя ў 2016 годзе, калі на пляцоўцы каля маладзёжнага цэнтра "Гродна" быў увекавечаны вядомы фільм "Белыя Росы" – ён быў зняты ў цяперашнім спальным раёне Дзевятоўка, а таксама ў аднайменнай вёсцы. Сёння на алеі кіно з'явілася 12-я па ліку пліта, усяго іх будзе больш за 50.