Парывісты арктычны вецер, імклівае пахаладанне і першы снег сезона – менавіта так кліматычная зіма літаральна ўварвалася 17 лістапада ў Беларусь. За адзін вечар рытм жыцця нібы прыпыніўся – у радасным прадчуванні, здзіўленні і адначасова лагоднай цішыні перад хараством пачатку гэтай новай пары года.
За лічаныя гадзіны ад цяперашняй мяккай восені не засталося і следу. Паводле звестак метэаролагаў, кастрычнік-2022 стаў самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў, а сярэднія паказанні па краінена 1-2 градусы перасягнулі норму. І ў пачатку лістапада ўтрымлівалася анамальнае надвор'е. Сярэднясутачная тэмпература паветра вагалася ад +6 да +11 °С, што на 3-10 градусаў вышэй за кліматычную норму. Нядзіўна, што для многіх раптоўны вячэрні снегапад стаў напамінам пра цуд, сустрэча з якім такая хвалюючая незалежна ад таго, малы ты або дарослы…
Укрытая белай коўдрай прырода, гарады і знакамітыя мясціны краіны пад снежным вэлюмам – у новым альбоме Belarus.by.