Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: музейную экспазіцыю адкрылі ў адноўленым сядзібным доме Напалеона Орды

СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: музейную экспазіцыю адкрылі ў адноўленым сядзібным доме Напалеона Орды

СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: музейную экспазіцыю адкрылі ў адноўленым сядзібным доме Напалеона Орды
26 Ліс 2021

На малой радзіме знакамітага мастака, кампазітара, вучонага і літаратара XIX стагоддзя Напалеона Орды 26 лістапада 2021 года адкрылася музейная экспазіцыя. Гэтага моманту жыхары вёскі Варацэвічы Іванаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) чакалі доўга і цярпліва: яшчэ ў 2009-м у сядзібным доме іх сусветна вядомага земляка пачаліся аднаўленчыя работы, і пасля непрацяглай паўзы ў 2019-м, нарэшце, удалося завяршыць работы. Сёння наведвальнікам даступна 12 залаў, у якіх прадстаўлена больш за 110 экспанатаў. Сярод іх – унікальныя прадметы побыту, сабраныя з прыватных калекцый, і работы настаўнікаў-мастакоў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Н.Орды. Госці могуць акунуцца ў атмасферу XIX стагоддзя – даведацца больш не толькі пра выдатнага майстра, але і ў цэлым пра жыццё беларускай шляхты сярэдняга дастатку.

Паводле гістарычных звестак, мястэчка Варацэвічы з XVII стагоддзя прыналежала старадаўняму шляхецкаму роду Ордаў. У тутэйшым урочышчы Чырвоны Двор у 1807 годзе ў сям'і маршалка Міхала Орды і Юзафіны з Бутрымовічаў нарадзіўся сын Напалеон. Лічыцца, што хлопчык атрымаў імя ў гонар знакамітага палкаводца і імператара Напалеона Банапарта, у якім прадстаўнікі шляхты ў той час бачылі вызваліцеля.

Скончыўшы Свіслацкую гімназію, таленавіты юнак адправіўся ў Віленскі ўніверсітэт. А пазней прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў. Пасля яго падаўлення Орда, апасаючыся рэпрэсій, быў вымушаны пад чужым імем выехаць за мяжу. Ён шмат падарожнічаў па Еўропе, жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі, а ў верасні 1833 года атрымаў статус эмігранта ў Францыі. Парыжскі перыяд жыцця прынёс Напалеону Орду вядомасць сярод еўрапейскай інтэлігенцыі. Тут ён пачаў маляваць: першыя цыклы малюнкаў Напалеона Орды з'явіліся пасля яго падарожжа ў 1840-1842 гадах па Францыі і Рэйнскай вобласці. 

У родны маёнтак Напалеон Орда змог вярнуцца толькі праз 25 гадоў эміграцыі. Але радавы маёнтак яму далі ў арэнду, а пасля і зусім забаранілі жыць у Варацэвічах, таму мастаку давялося пасяліцца ў сваякоў. Уз'яднаўся з роднай зямлёй Орда толькі пасля смерці ў Варшаве, калі, згода з завяшчаннем, яго цела перавезлі і пахавалі ў фамільным склепе ў Янаве (цяпер Іванава).

Творчая спадчына гэтага сапраўды таленавітага чалавека складае звыш 1150 акварэльных і графічных работ, а таксама больш за 20 музычных твораў! У эміграцыі Напалеон Орда захапіўся архітэктурным пейзажам, і ў1840-80-я гады ў час падарожжаў ён ствараў замалёўкі, з  надзвычайнай фатаграфічнай дакладнасцю адлюстроўваючы   славутасці Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Францыі, Германіі, Іспаніі, Партугаліі. Яго паланэзы гучалі з еўрапейскіх сцэн, а сярод яго сяброў былі Адам Міцкевіч, Фрыдэрык Шапен, Ферэнц Ліст, Стэндаль...

Сёння дзякуючы замалёўкам Напалеона Орды беларускія архітэктары рэканструююць гістарычнае аблічча памятных мясцін, палацаў, шляхецкіх сядзіб. Па эскізе майстра ўдалося аднавіць і яго ўласнае радавое гняздо, спаленае ў ваенны час. Яшчэ адным дакументам стала інвентарнае апісанне маёнтка 1835 года, што дае дэталёвае ўяўленне аб будынку, колькасці пакояў, аж да таго, у які бок адчыняліся дзверы. Цяпер можна наведаць рабочы кабінет, майстэрню, гасцявую, сталовую, буфетную, залу прыёму гасцей, пакоі маці мастака Юзафіны Бутрымовіч і яго пляменніцы Хелены Скірмунт.

Сядзібны дом Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы
СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: музейную экспазіцыю адкрылі ў адноўленым сядзібным доме Напалеона Орды
Сядзібны дом Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы
Сядзібны дом Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы
Адкрыццё пастаяннай экспазіцыі ў сядзібным доме Напалеона Орды
1 2 3      Наступная