З надыходам вячэрняга змроку 15 снежня беларуская сталіца абнавілася: практычна адначасова на ўсіх святочных ёлках горада ўключылася навагодняя ілюмінацыя, зазіхацелі светлавыя кампазіцыі, адкрыліся калядныя маркеты.
Упершыню ў гісторыі галоўнай ёлкі краіны ў зялёнай красуні з'явіўся піксельны ўбор. 35-метровае "дрэва" ў цэнтры плошчы абрамляюць светлавыя фігуры і 2 вялікія іскрыстыя шары. Акрамя таго, на Кастрычніцкай устаноўлены новыя незвычайныя кірмашовыя павільёны – шкляныя "соты".
Футурыстычная ёлка-спіраль ля Палаца спорту стала яшчэ адной навагодняй інавацыяй. Побач з ёй – "Калядны кірмаш" – утульныя домікі, дзе можна купіць крафтавыя сувеніры, ёлачныя ўпрыгажэнні, ласункі і сагрэцца духмяным глінтвейнам.
Ёлка ля Нацыянальнай бібліятэкі паўстала ў тэматычным уборы: яе ўпрыгожваюць літары беларускага алфавіта. Побач размясцілася раскрытая "кніга" – адна з самых вялікіх светлавых кампазіцый Мінска (яе вышыня і шырыня складаюць 8,5 і 12 м).
Акрамя таго, святочны настрой жыхарам сталіцы ствараюць тэматычныя фігуры: ля Дома футбола – святлівы 3D-мяч вышынёй 11 метраў, ля Белдзяржфілармоніі – арфа, трактар на Партызанскім праспекце, "падарунак" недалёка ад ГУМа, ля "Мінск-Арэны" размясцілася шайба, побач з Белдзяржцыркам – клоўн, а на плошчы Якуба Коласа – "старажытны рукапіс" з пяром.
Навагодні Мінск – у перадсвяточным рэпартажы!