Манашка, якая адраклася ў 12 гадоў ад зямных радасцей, асветніца, аднесеная да ліку святых, Ефрасіння Полацкая з’яўляецца адной з самых значных гістарычных постацей не толькі беларускай культуры – яе шануюць хрысціяне ўсяго свету. Штогод 5 чэрвеня ў родным горадзе Ефрасінні – Полацку – адзначаюць Дзень памяці святой.
Дачка князя Усяслава Брачыславіча, прапраўнучка знакамітай Рагнеды, Прадслава (свецкае імя Ефрасінні) атрымала добрую адукацыю, перакладала тэксты і, прыняўшы пострыг у манашкі пачала перапісваць кнігі. Асветніцкая дзейнасць Ефрасінні не абмяжоўвалася перакладамі рэлігійных пісанняў: у 1161 годзе пад яе кіраўніцтвам быў пабудаваны Спаса-Праабражэнскі сабор, затым у горадзе былі адкрыты мужчынскі і жаночы манастыры. Таксама па заказе святой у 1161 годзе быў выраблены ўнікальны каштоўны крыж з закладзенымі ў яго часцінкамі мошчаў святых, у тым ліку крывёй Ісуса Хрыста.
Дзякуючы Ефрасінні Полацк стаў сапраўдным духоўным цэнтрам Беларусі, куды з’язджаюцца паломнікі з усяго свету. У гонар Дня памяці святой у Сафійскім саборы прайшло адзінае ў годзе святочнае богаслужэнне. Яшчэ адным цэнтрам сакральнай урачыстасці стаў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, заснаваны Ефрасінняй: тут вернікі могуць пакланіцца мошчам заступніцы Беларусі.