Інтрыга нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне"-2017 вырашылася ў ноч на 26 жніўня ў прамым эфіры каналаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24". За права прадставіць Беларусь на папулярным конкурсе, які 26 лістапада прыме Тбілісі, у фінальнай "бітве" сышліся 10 юных вакалістаў, яшчэ ў ліпені адабраных музычнымі экспертамі краіны.
Бясспрэчным "нумарам 1" стала 14-гадовая мінчанка Хелена Мерааі, якая, дарэчы, адкрыла вечар кампазіцыяй "Я самая", пакарыўшы моцным вакалам і арыгінальным шоу. Па выніках галасавання юная спявачка атрымала магчымы максімум ад гледачоў і журы – 24 (12 / 12) балы.
Цікава, што за ўжо больш як 8-гадовую творчую кар’еру Хелена Мерааі заваявала мноства ўзнагарод на музычных конкурсах, але, бадай што, самым хвалюючым і запамінальным для яе стаў вопыт удзелу ў знакамітых тэлепраектах. У 2016-м беларуска выступала ў камандзе настаўніка Дзімы Білана ў трэцім сезоне расійскага "Голас. Дзеці" і ў складзе дзявочага трыа "Эйва" пакарыла "Дзіцячую Новую хвалю". У 2017-м юная спявачка хоча здзейсніць сваю даўнюю мару – пакарыць сэрцы гледачоў “Еўрабачання”.
Яркія кадры фінальнага нацадбору, эмоцыі ўдзельнікаў і, вядома, пераможны нумар Хелены Мерааі – у рэпартажы са студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі.