Беларусь зацікаўлена дзяліцца тэхналогіямі з Узбекістанам і стварыць там паспяховыя прадпрыемствы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
"Не толькі вялікія імперыі могуць дапамагаць нам з вамі. Шмат добрых тэхналогій ёсць і ў сярэдніх, малых дзяржавах. У нас ёсць тэхналогіі, якія патрэбны Узбекістану, узбекскаму народу, вельмі падобнаму да беларусаў. У мяне асабіста ёсць азарт перанесці гэтыя тэхналогіі ва Узбекістан і стварыць там сучасныя прадпрыемствы, якія будуць прыкладам для іншых", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гэтыя планы адлюстраваны ў дарожнай карце развіцця супрацоўніцтва, якія раней распрацавалі краіны. "Мы вельмі дакладна выконваем з вамі намечаныя планы. Некалі мы дамовіліся аб тым, што выпрацуем дарожную карту –план нашых дзеянняў. Мы гэта зрабілі, там 155 мерапрыемстваў. Я не сказаў бы, што мы дзесьці адстаём. Крытэрый у нас тавараабарот. Ён у нас за год вырастае на 20 працэнтаў", – канстатаваў Прэзідэнт.