3 сакавіка Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў прэм'еру абноўленага спектакля "Паўлінка".
Менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры традыцыйна штогод адкрываецца новы сезон. Звычайную гісторыю аб тым, як дзяўчына выбрала сабе жаніха наперакор бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра ўпрыгожыў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам. "Паўлінка" – брэнд нацыянальнай культуры. У прыватнасці, гэта класічная пастаноўка з'яўляецца адной з візітных картак Купалаўскага тэатра і ў цэлым беларускай драматургіі. У спектаклі раскрываецца народны характар і сацыяльны кантэкст, які выходзіць за межы сямейнага канфлікту. Акрамя таго, тут па-майстэрску адлюстравана літаратурная беларуская мова. Цікавы сюжэт закранае канфлікт пакаленняў, паказвае імкненне да новага спосабу жыцця", – адзначыў генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў.
Паводле яго слоў, у абноўленым спектаклі іграюць не толькі акцёры Купалаўскага з ранейшай трупы, але і моладзь – студэнты БДУКМ і БДАМ, якія прыйшлі ў тэатр па выніках кастынгу. Рэжысёрам праекта стала студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Зінаіда Вядзеніна, мастацкім кіраўніком – актрыса Вольга Няфёдава. "Новы акцёрскі склад і з'яўляецца, па сутнасці, галоўным абнаўленнем "Паўлінкі", паколькі артысты маюць іншае бачанне і дэманструюць новую падачу. Акрамя таго, іх вызначае вельмі вялікае жаданне працаваць у Купалаўскім тэатры. Калектыў адказна ставіцца да адкрыцця новага сезона. Сёння праходзіць першы паказ, аднак у нас ёсць яшчэ планы, каб гэты сезон быў насычаным і цікавым для гледачоў", – падкрэсліў гендырэктар тэатра.
Паказы "Паўлінкі" пройдуць 3, 5, 6 і 7 сакавіка. Спектакль ідзе на беларускай мове і разлічаны на гледачоў старэйшых за 12 гадоў.
Легендарны спектакль – неад'емная частка рэпертуару Купалаўскага тэатра. Прэм'ера ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады ператварыўся ў сапраўдную візітку Купалаўскай сцэны. Як адзначаюць у тэатры, сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яркіх народных характараў, цікавага сюжэта, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім прымалі некалькі пакаленняў лепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. У канцы 2019 года спектакль "Паўлінка" ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.