5 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Тэрмін паўнамоцтваў новага беларускага парламента прыпаў на няпросты перыяд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, задача новага парламента - захаваць пераемнасць эканамічнага курсу, забяспечваючы ўстойлівае развіццё суверэннай беларускай дзяржавы, дынаміку росту эканомікі і дабрабыту грамадзян.
"Перыяд будзе няпросты. Барацьба вядучых геапалітычных сіл за сферы ўплыву, жорсткае лабіраванне краінамі сваёй эканамічнай выгады (вы бачыце гэта і па ўзаемаадносінах з нашым старэйшым братам), гандлёвыя войны і бар'еры - рэальнасць, якая аб'ектыўна ўскладняе нам жыццё", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
З іншага боку, усё гэта з'яўляецца рухавіком прагрэсу, прымушае шукаць новыя рэзервы эканамічнага росту, адзначыў Прэзідэнт. "Ствараць эканамічную сістэму, якая мінімальна залежыць ад рынку вуглевадароднай сыравіны і іншых кан'юнктурных тавараў, - дадаў ён. - Гэта мы, дарэчы, пачалі рабіць: Парк высокіх тэхналогій і іншыя напрамкі".