Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама"
Дарагія сябры!
Сённяшні дзень па праву стане датай новага нараджэння нашага легендарнага стадыёна "Дынама".
Яго багатая гісторыя напоўнена гучнымі і вялікімі імёнамі, яркімі перамогамі, незабыўнымі момантамі саперніцтва куміраў розных пакаленняў.
Стадыён быў упершыню адкрыты ў мінулым стагоддзі - у 1934 годзе - і адразу стаў галоўным спартыўным аб'ектам краіны, цэнтрам прыцяжэння ўсіх паклоннікаў спорту.
У час Вялікай Айчыннай арэна была поўнасцю знішчана. Для яе аднаўлення спатрэбіліся чатыры доўгія гады - роўна столькі, колькі доўжылася на нашай тэрыторыі вайна. Пасля гэтага трыбуны "Дынама" зноў запоўніліся балельшчыкамі.
Тут праводзіліся вялікія спартыўныя спаборніцтвы, масавыя культурныя мерапрыемствы.
Асаблівы радок у гісторыі стадыёна - Алімпіяда-80. Перад яе пачаткам збудаванне перажыло маштабную рэканструкцыю, стаўшы зручным, умяшчальным і прыгожым.
А ў 1982 годзе нашы балельшчыкі былі тут сведкамі залатога сезона футбольнай каманды "Дынама-Мінск". Вельмі шкада, што гэтыя часы адышлі ў нябыт. Я думаю, што цяперашняе пакаленне дынамаўцаў, яшчэ раз пераканаўшыся ва ўвазе дзяржавы да спорту, верне тую вялікую славу, якая павінна належаць дынамаўскім клубам, таварыству "Дынама" і гэтаму легендарнаму стадыёну.
Абапіраючыся на традыцыі і вопыт, сёння мы пачынаем новы адлік жыцця вялікага культурна-спартыўнага цэнтра. Усімі рэстаўрацыйна-будаўнічымі работамі тут займаліся выключна беларускія спецыялісты. Выкарыстаўшы перадавыя тэхналогіі, яны беражліва захавалі гістарычную аснову, пры гэтым зрабілі яго сучасным і высокатэхналагічным.
Сюды з гонарам можна запрашаць знакамітых спартсменаў з усяго свету.
Я вельмі рады, што сёння няма свабодных месцаў на гэтым стадыёне. І дазвольце мне ад вашага імя, ад імя ўсяго беларускага народа, нашых спартсменаў выказаць удзячнасць нашым будаўнікам за гэта.
І, вы ведаеце, крыху асабістае: мне аднойчы пашчаслівілася гуляць на гэтым стадыёне, і я памятаю, ведаю, што яшчэ, на шчасце, вельмі шмат жывых легенд гэтага стадыёна. І прымаючы рашэнне аб яго адраджэнні, а фактычна - аб нараджэнні на гэтай базе новага фізкультурна-спартыўна-культурнага цэнтра, я думаў аб тых, хто гуляў на гэтым стадыёне, хто звязаў свой лёс з гэтым стадыёнам, хто жыў гэтым стадыёнам, хто хадзіў на гульні, матчы, спаборніцтвы і канцэрты на гэты стадыён. А іх яшчэ мільёны, дзякуй богу, - ад нашых каментатараў-журналістаў да найвялікшых спартсменаў. І я ўпэўнены, што, прысутнічаючы сёння, заўтра і ў іншыя дні на гэтым стадыёне, яны будуць з гордасцю ўспамінаць сваю маладосць, а хтосьці - сваё дзяцінства.
Я перакананы, стадыён абавязкова стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку. З гэтага часу на "Дынама" пастаянна будуць праходзіць самыя маштабныя і цікавыя мерапрыемствы. Ужо заўтра гэтыя бегавыя дарожкі, сектары для кідання і скачкоў апрабуюць лепшыя атлеты Беларусі, Украіны, Балканскіх і Прыбалтыйскіх краін.
У 2019 годзе стадыён "Дынама" стане сэрцам II Еўрапейскіх гульняў - еўрапейскай Алімпіяды - грандыёзная падзея для Беларусі і ўсёй сусветнай спартыўнай грамадскасці. Тут пройдуць цырымонія адкрыцця і спаборніцтвы па каралеве спорту - лёгкай атлетыцы.
Гэта адбудзецца роўна праз год. І сёння мы ўключым табло з адваротным адлікам дзён да старту гэтых Гульняў.
Дарагія сябры!
Спорт і алімпійскі рух служаць высокім і высакародным мэтам. Яны прызначаны аб'ядноўваць краіны і народы, умацоўваць волю і характар атлетаў, дарыць мару падрастаючаму пакаленню.
Дык няхай жа і наш абноўлены стадыён будзе адным з сімвалаў гэтых цудоўных ідэалаў!
Я шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, самых добрых, станоўчых і здаровых эмоцый, поспехаў і новых здзяйсненняў на карысць нашай Беларусі! Наш народ чакае ад спартсменаў вялікіх дасягненняў. Народ наш мае права на гэтыя дасягненні! І вы, спартсмены, будзьце дастойны гэтага вялікага народа!
Дзякую вам!