30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Вера Лапко ўпершыню ў кар'еры выйграла юніёрскі турнір серыі "Вялікага шлема" - адкрыты чэмпіянат Аўстраліі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У вырашальным паядынку 17-гадовая беларуска (533-е месца ў сусветным рэйтынгу) абыграла 30 студзеня славацкую тэнісістку Тэрэзу Міхалікаву (563) у двух сэтах - 6:3, 6:4. На шляху да чэмпіёнскага тытула ў Мельбурне Вера Лапко таксама перайграла аўстралійскіх тэнісістак Сару Томіч (452) - 6:2, 6:3 і Міхаэлу Хает (без рэйтынгу) - 6:1, 6:4, кітаянку Джыа Рэн (без рэйтынгу) - 6:1, 6:4, японку Чыхіра Мурамацу (890) - 6:2, 6:3 і расіянку Ганну Калінскую (597) - 7:5, 5:7, 6:2. Цяпер пераможца юніёрскага Australian Open у складзе зборнай Беларусі будзе рыхтавацца да гасцявога матчу першага раўнда Кубка Федэрацыі другой Сусветнай групы супраць тэнісістак Канады. Акрамя Веры Лапко за Беларусь згуляюць Вікторыя Азаранка, Вольга Гаварцова і Аляксандра Сасновіч. Сустрэча беларусак і канадак пройдзе 6-7 лютага ў канадскім Квебеку.
1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па тэнісе Веру Лапко з заваяваннем першага юніёрскага тытула на турніры "Вялікага шлема"
Australian Open. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы."Сёння на тэнісным небасхіле ярка заззяла твая зорка, і гэта самы значны поспех беларускай школы тэніса на юніёрскім узроўні за апошнія 11 гадоў", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што дзякуючы свайму таленту, працавітасці і самаадданасці Вера Лапко зможа яшчэ не раз парадаваць беларускіх балельшчыкаў, дабівацца гучных перамог і на дарослым узроўні.
Прэзідэнт пажадаў спартсменцы і ўсёй жаночай зборнай здароўя, шчасця і ўдачы ў матчы Кубка Федэрацыі ў горадзе Квебек.