27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае сёння 6-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як далажыў Аляксандру Лукашэнку галоўны ўрач медустановы Ігар Юркевіч, медыцынскую дапамогу хворым на каранавірус аказваюць больш як тысяча супрацоўнікаў. З пачатку эпідэміі ў клініцы дапамаглі 5,5 тыс. людзей з інфекцыяй COVID-19. Цяпер ва ўстанове знаходзяцца 767 пацыентаў, з іх 28 - у рэанімацыі.
Сярэдняя зарплата ва ўстанове за кастрычнік склала звыш Br2,2 тыс., пры гэтым ва ўрачоў - больш як Br3,3 тыс., у сярэдняга медыцынскага персаналу - Br2,4 тыс., у іншых супрацоўнікаў - Br1,36 тыс. "Ва ўрачоў рэанімацыі зарплата каля Br7-9 тыс., - падкрэсліў Ігар Юркевіч. - Людзі прывыклі да добрай падтрымкі і з задавальненнем працуюць. Маладыя спецыялісты кватэры пабудавалі за кошт гэтых надбавак".
"Яны робяць вялікую справу. Калі ў "чырвонай" зоне чалавек працуе, няхай ён і атрымлівае (высокую зарплату. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Прэзідэнт.
Заслухаўшы даклады, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй лячэння грамадзян і накіраваўся ў блок з пацыентамі, якія захварэлі на каранавірус. Затым кіраўнік дзяржавы наведаў Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі. Тут яму расказалі, як арганізавана працэдура данацыі. Паводле слоў урачоў, штодзень у цэнтры абслугоўваюць 120-150 донараў крыві, плазмы і трамбацытаў. "Кожны донар абследуецца на колькасць антыцелаў", - растлумачылі Прэзідэнту.
Сярод донараў, якія здавалі кроў у аддзяленні, аказалася і ўрач. "Яна павінна лячыць людзей, а вы з яе яшчэ і кроў бераце", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
6-я гарадская клінічная бальніца - адна з вядучых устаноў аховы здароўя Мінска. Бальніца мае даўнюю гісторыю і сёння з'яўляецца шматпрофільнай установай магутнасцю 950 ложкаў. Тут дапамагаюць жыхарам сталіцы па тэрапеўтычным, хірургічным, траўматолага-артапедычным і акушэрска-гінекалагічным профілях.
На базе клінікі працуюць Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі, Мінскі гарадскі клінічны цэнтр траўматалогіі і артапедыі, Рэспубліканскі цэнтр хірургіі кісці, Гарадскі цэнтр астэаміэлітаў, Эндаскапічны цэнтр Партызанскага раёна.