15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі паспяхова правялі першыя аперацыі з выкарыстаннем раздрукаванай на 3D-прынтары мадэлі сэрца ў маштабе 1:1, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кардыяхірург Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія" Уладзімір Андрушчук.
Выкарыстаная пры аперацыйным умяшанні мадэль з'яўляецца дакладным прататыпам біялагічнага сэрца. У якасці "інфармацыйнага шаблону" для яе друку былі выкарыстаны даныя камп'ютарнай тамаграфіі з кантрасным узмацненнем. Гэта значыць урачы з выкарыстаннем камп'ютара апрацавалі рэзультаты КТ сэрца канкрэтнага пацыента і стварылі індывідуальную 3D-мадэль.
Раздрукаваная на 3D-прынтары мадэль сэрца дапамагла не толькі вызначыць план будучай аперацыі, але і ажыццявіць кантроль аб'ёму выкананага хірургічнага ўмяшання. Першапачаткова была прааперыравана мадэль, затым сэрца пацыента, пасля чаго медыкі параўналі атрыманыя рэзультаты ўмяшання.
Тэхналогія паспяхова прыменена на двух пацыентах, абодва - мужчыны. Першая аперацыя прайшла ў канцы студзеня, другая - у лютым.