28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стартавалі мерапрыемствы VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, паведамляе БЕЛТА.
VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць 28-29 верасня ў рэжыме відэаканферэнцыі. Ён прысвечаны тэме "Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі". Арганізаваны пяць секцый па некалькіх тэматычных напрамках: парламенцкае супрацоўніцтва, сумесныя эканамічныя праекты, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, процідзеянне гераізацыі нацызму, павышэнне актыўнасці сельскай моладзі. Пройдуць таксама сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў Беларусі і Расіі і экспертная сесія высокага ўзроўню на тэму "Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі".
Пытанні рэгіянальнага супрацоўніцтва, выканання дакументаў, прынятых на папярэдніх форумах, развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзвюх краін разгледзяць на пасяджэнні Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
Цэнтральнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне, на якім будуць падведзены вынікі работы секцый, абмеркаваны ключавыя пытанні і прыняты падагульняючы дакумент.