Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

23 Лют 2014

Сочынскія Гульні сталі для беларускіх спартсменаў самымі паспяховымі

Сочынскія Гульні сталі для беларускіх спартсменаў самымі паспяховымі

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спартсмены зборнай Беларусі занялі 8-е месца ў неафіцыйным камандным заліку ХХII зімовых Алімпійскіх гульняў. Заваяваўшы 5 залатых медалёў, беларускія алімпійцы ўстанавілі новы рэкорд па колькасці ўзнагарод вышэйшай пробы за ўсю суверэнную гісторыю, пераўзышоўшы на адно золата дасягненне летняга Пекіна-2008, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Сочы беларуская спартыўная дэлегацыя была адной з самых малаколькасных за ўвесь час удзелу ў Алімпіядах - усяго 26 спартсменаў выходзілі на алімпійскія арэны. Аднак на гэты раз беларусы ўзялі не колькасцю, а ўменнем.

Безумоўна, адным з галоўных герояў сочынскіх Гульняў стала лідар зборнай Беларусі па біятлоне 27-гадовая Дар'я Домрачава, якая стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Пачаўшы з адноснай няўдачы (9-е месца ў спрынце), наша Даша пасля выйграла ўсе тры астатнія асабістыя старты. Спачатку яна дагнала і абышла ўсіх лаўрэатаў спрынту ў гонцы праследавання, выйграўшы сваё першае золата Сочы-2014. На гэтым прыма беларускага біятлона не спынілася і ўпэўнена выйграла самую цяжкую гонку - "індывідуалку" на 15 км, а потым, быццам бы да гэтага і не было знясільваючай барацьбы, зрабіла залаты алімпійскі хет-трык, абышоўшы ўсіх саперніц на трасе мас-старту. Пасля гэтага Дар'я Домрачава, абсалютна па заслугах, была ўдастоена звання Героя Беларусі. Акрамя яе, у ліку лаўрэатаў біятлоннях баталій у Сочы-2014 аказалася яшчэ адна прадстаўніца зборнай Беларусі Надзея Скардзіна. У гэтым сезоне 28-гадовая спартсменка прывучыла ўсіх, што яна амаль не прамахваецца на агнявых рубяжах, а ў індывідуальнай гонцы Надзея паказала сябе яшчэ і нядрэнным стаерам і па праве стала ўладальніцай бронзы. Беларуская медальная калекцыя біятланістак магла б стаць яшчэ большай, калі б сяброўкі па эстафетнай камандзе хоць крыху дапамаглі Дар'і Домрачавай. Лідар зборнай правяла свой заключны этап бездакорна, выйграўшы ва ўсіх на лыжні і адстраляўшыся без промахаў, фінішавала 5-й, адыграўшы ў канкурэнтак больш як мінуту. На жаль, астатнія ўдзельніцы эстафеты выступілі не так паспяхова, пакінуўшы Дар'ю толькі на 10-й пазіцыі з адставаннем ад лідара дзве з палавінай мінуты - такія форы не пад сілу нават самым скорасным спартсменкам.

Мужчынскі складальнік біятлоннай зборнай Беларусі нават блізка не падышоў да паказчыкаў дзяўчат.

Чарговы раз пацвердзілі свой высокі клас беларускія фрыстайлісты - падапечныя "гросмайстра" лыжнай акрабатыкі Мікалая Казекі пачынаючы з 1998 года яшчэ ні разу не вярталіся з Алімпіяд дадому без узнагарод. У Нагана-1998 медальную дарожку праклаў Дзмітрый Дашчынскі, які стаў бронзавым прызёрам. У Солт-Лейк-Сіці-2002 яго поспех паўтарыў Аляксей Грышын, а яшчэ праз чатыры гады, у Турыне-2006 Дашчынскі пераўзышоў гэтыя дасягненні, заваяваўшы сярэбраную ўзнагароду. Першы залаты поспех прыйшоў да падапечных Мікалая Казекі на Гульнях у Ванкуверы-2010, калі Аляксей Грышын прынёс Беларусі першы залаты медаль на зімовых Алімпійскіх гульнях. Усе спадзяваліся, што і ў Сочы-2014 Грышын будзе адным з галоўных фаварытаў, але ён склаў свае чэмпіёнскія паўнамоцтвы пасля няўдалых кваліфікацыйных скачкоў. Затое алімпійская ўдача ўсміхнулася ва ўсе залатыя зубы іншым прадстаўнікам беларускай зборнай. Спачатку 34-гадовая Ала Цупер, якая вярнулася ў вялікі спорт пасля нараджэння дачкі, сенсацыйна выйграла жаночы турнір лыжных акрабатак. Прычым для яе вельмі складаны фінальны скачок стаў усяго другім (!), выкананым на снег. Пасля поспеху Алы беларускія балельшчыкі гатовы былі датэрмінова "закрываць" Алімпіяду, паколькі ў нашай скарбонцы ўжо было тры залатыя ўзнагароды (дзве ў Домрачавай і адна ў Цупер). Аднак, як высветлілася пазней, гэта было толькі пачаткам. 17 лютага ў беларусаў з'явіліся яшчэ дзве ўзнагароды вышэйшай алімпійскай пробы - спачатку свой чарговы поспех адсвяткавала Даша, а потым яе прыклад пераняў і фрыстайліст Антон Кушнір, які прыняў залатую алімпійскую эстафету ад трыумфатара Ванкувера-2010 Аляксея Грышына.

З астатніх удзельнікаў сочынскіх Гульняў у беларусаў варта адзначыць дастойныя рэзультаты лыжнікаў. У мужчынскай марафонскай 50-кіламетровай гонцы, праведзенай у апошні дзень Алімпіяды, прыемна здзівілі два беларускія спартсмены. Ветэран каманды 40-гадовы Сяргей Далідовіч фінішаваў пятым, уступіўшы чэмпіёну расіяніну Аляксандру Лягкову ўсяго 14,3 сек. Міхаіл Сямёнаў прыйшоў да фінішу 17-м, адстаўшы ад пераможцы на 40,8 сек.

Што датычыцца іншых прадстаўнікоў Беларусі - Юрыя Данілачкіна, Марыі Шканавай (горныя лыжы), Вольгі Талаевой і Максіма Сяргеева (шорт-трэк), то іх алімпійскія дасягненні яшчэ наперадзе.

 Пераможцамі неафіцыйнага агульнакаманднага медальнага заліку сочынскай Алімпіяды-2014 сталі яе гаспадары расіяне, якія заваявалі 33 узнагароды (13 залатых, 11 сярэбраных, 9 бронзавых медалёў). Другая пазіцыя тут у алімпійцаў Нарвегіі - 26 (11, 5,10), а трэцяе месца заняла каманда Канады - 25 (10,10, 5). На алімпійскі п'едэстал узнімаліся прадстаўнікі 26 краін.

Дар'я Домрачава на цырымоніі закрыцця Алімпіяды-2014 у СочыУсяго ў спаборніцтвах ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў прынялі ўдзел 2 800 спартсменаў з 88 краін, якія разыгралі 98 камплектаў узнагарод у 15 дысцыплінах.

Для беларускіх спартсменаў сочынскія Алімпійскія гульні сталі адзінаццатымі ў суверэннай гісторыі (5 летніх і 6 зімовых). На пяці папярэдніх зімовых Алімпіядах у актыве беларусаў было 9 узнагарод (1 залатая і па 4 сярэбраныя і бронзавыя).

Беларускім прызёрам Алімпіяды-2014 прадугледжана грашовае ўзнагароджанне: за золата - $150 тыс., за серабро - $100 тыс., за бронзу - $50 тыс.

Гаспадаром наступнай белай Алімпіяды стане паўднёвакарэйскі Пхенчхан, які прыме прадстаўнікоў зімовых відаў спорту ў 2018 годзе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі