23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Рэспубліканскі педагагічны савет пачынаецца сёння ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.У першы дзень педсавета запланавана работа шэрага тэматычных секцый, круглых сталоў. Спецыялісты абмяркуюць шырокае кола пытанняў, у тым ліку сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, уклад, які здольна ўнесці прафадукацыя ў інавацыйнае развіццё беларускай эканомікі, асноўныя напрамкі для вышэйшай школы. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі будуць развіццё інклюзіўнай адукацыі, актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай, ідэалагічнай работы ў сучасных умовах, падрыхтоўка педагагічных кадраў.
Рэспубліканскі педсавет прадоўжыць сваю работу 24 жніўня на пленарным пасяджэнні. Яго ўдзельнікі змогуць таксама азнаёміцца з выстаўкай эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, узораў новых тэхналогій у сферы адукацыі.
У савеце прымуць удзел амаль 1 тыс. педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафсаюза. Мэта форуму - вызначыць задачы на
2017/2018 навучальны год, абмеркаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы да 2020 года і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды.Галоўны пасыл гэтых канцэптуальных падыходаў - у пераходзе на абавязковую ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Такі крок, як адзначалі ў Мінадукацыі, выступіць гарантам паспяховай сацыялізацыі беларускай моладзі. У Кодэксе аб адукацыі закладзены заканадаўчы калідор для гэтай навацыі. Агульную сярэднюю адукацыю ў Беларусі атрымліваюць практычна ўсе выпускнікі школ, ліцэяў і каледжаў, што сведчыць аб гатоўнасці грамадства да такога кроку.