1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава павінна зрабіць усё магчымае, каб дзеці з асаблівасцямі развіцця не адчувалі сябе лішнімі ў грамадстве. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната нумар 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што перад наведваннем школы-інтэрната хацеў сказаць яе выхаванцам і педагогам, што не ўпершыню наведвае такія ўстановы адукацыі. "Я вельмі шмат разоў бываў у такіх школах. Але сёння я ўпершыню для сябе адкрыў такую рэч: ніякія вы не інваліды або людзі з абмежаванымі здольнасцямі ці магчымасцямі. Вы такія ж, як і мы, проста крышачку адрозніваецеся ад нас. Хоць я і гэта стаўлю пад сумненне, убачыўшы тое, што вы сёння можаце. І самае галоўнае, што ў вас свабодныя стасункі з выкладчыкамі і адзін з адным", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы такія цуды тут робіце, што можна пазайздросціць. Дзякуй усім педагогам за тую працу, якую яны ўкладваюць у вас. Гэта дзякуючы ім вы становіцеся больш адукаванымі і лепшымі, патрыётамі сваёй краіны. Віншую вас усіх з пачаткам новага навучальнага года, з Днём ведаў!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У школе-інтэрнаце Прэзідэнту далажылі аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і развіцці спецыяльнай адукацыі ў рэспубліцы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы-інтэрната, умовамі навучання, выхавання і пражывання навучэнцаў.
Кіраўнік дзяржавы таксама прыняў удзел у святочным мерапрыемстве да Дня ведаў, у час якога выступілі калектывы ўзорнага дзіцячага тэатра пантамімы "Спадарожнік" і студыі жэставай песні "Гаворачыя рукі". Пасля завяршэння канцэрта навучэнцы школы-інтэрната ўручылі Аляксандру Лукашэнку памятны падарунак.
Першакласнікам ад кіраўніка дзяржавы перадалі навучальныя дапаможнікі "Беларусь - наша Радзіма", а школе - шматфункцыянальную інтэрактыўную панэль вытворчасці ААТ "Гарызонт", аснашчаную вучэбнымі праграмамі для работы з дзецьмі з парушэннямі слыху.-0-