Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Врс 2016

Праспект Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб'екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

Праспект Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб'екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праспект Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб'екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай серыйнай намінацыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч.

"Галоўная магістраль беларускай сталіцы як і ключавыя вуліцы Масквы, Кіева, Харкава, Берліна, Варшавы будуць прадстаўлены на саісканне статусу аб'екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў агульнай намінацыі па тэме "Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе". Размова ідзе аб архітэктуры, якая была створана пасля вайны ў стылі так званага сталінскага ампіру, - расказала Ала Сташкевіч.

У Мінску з 15 па 18 верасня адбудзецца першы ўстановачны семінар па гэтай намінацыі, на які запрошаны эксперты з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Германіі. Вядучыя спецыялісты з гэтых краін, архітэктары, даследчыкі архітэктуры абмяркуюць канцэпцыю будучай намінацыі, вызначаць атрактыўныя зоны галоўных магістралей у кожным з гарадоў, тэрыторыі архітэктурных ансамбляў, якія будуць уключаны ў намінацыю, і складуць план супрацоўніцтва. Папярэдне вызначана, што ў намінацыю ўвойдуць Карл-Маркс-алея ў Берліне як галоўная сацыялістычная вуліца ва Усходнім Берліне, праспект Незалежнасці ў Мінску, Крашчацік у Кіеве, Маскоўскі праспект у Харкаве, вуліца Маршалкоўская ў Варшаве. Для каардынацыі работы па падрыхтоўцы намінацыі будзе створаны каардынацыйны камітэт.

А ў лістападзе бягучага года ў беларускай сталіцы пройдзе другая сустрэча экспертаў, на якой плануецца абмеркаванне канчатковага варыянта канцэпцыі, зацвярджэнне плана работы над файлам. Наступны год будзе прысвечаны стварэнню гэтай серыйнай намінацыі, каб у канцы 2017-га - пачатку 2018 года матэрыялы перадаць на разгляд Камітэта сусветнай спадчыны, сказала Ала Сташкевіч.

Як растлумачыла спецыяліст, наперадзе грунтоўная работа па зборы дакументацыі, аргументацыі для таго, каб прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс. Акрамя таго, сёння патрабаванні Камітэта сусветнай спадчыны значна ўскладніліся. Напрыклад, калі раней дастаткова было прадставіць намінацыю з дакументацыяй, відэаматэрыяламі, картаграфічнымі матэрыяламі, то сёння неабходны яшчэ і план кіравання гэтай спадчынай, адзначыла Ала Сташкевіч. "Гэта цяжкая задача, тым больш, што ў серыйнай намінацыі кожная краіна прадставіць план кіравання па сваёй частцы намінацыі. Падрыхтоўка намінацыі - справа дзяржаўнай важнасці. І неабходна рашэнне не толькі экспертнай супольнасці, але і актыўны ўдзел Міністэрства культуры Беларусі, магчыма, камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Калі першы семінар - сустрэча экспертаў, то другі далучыць больш шырокае кола: органы ўлады, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прэсы і г.д.", - дадала яна.

"Удзельнічаючы ў гэтай намінацыі, мы папулярызуем культуру і, што важна, бяром на сябе абавязацельствы па захаванні візуальнага аблічча праспекта, яго забудовы. Да працэсу падрыхтоўкі файла далучаны многія людзі, якія потым, калі намінацыя будзе ўключана ў спіс, будуць мець непасрэднае дачыненне да працэсаў захавання гэтай спадчыны і кіравання ёй. Такія ж працэсы будуць праходзіць і ў іншых краінах", - расказала субяседнік.

Намінацыя будзе рыхтавацца пры ўдзеле Інстытута кіравання спадчынай (Германія) і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі. Спецыялісты менавіта гэтага інстытута год таму правялі аналіз папярэдняга спіса намінацый, якія Беларусь плануе рыхтаваць для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Нямецкія эксперты ўказалі на недахопы гэтых намінацый, на магчымасці і перспектывы іх развіцця, унеслі прапановы па стварэнні новых намінацый. Тады ж былі выпрацаваны рэкамендацыі па падрыхтоўцы транснацыянальнай серыйнай намінацыі для Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, прысвечанай сацыялістычнай пасляваеннай грамадзянскай архітэктуры ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Выбар на карысць гэтага файла быў зроблены па шэрагу прычын. Цяпер Спіс сусветнай спадчыны пашыраецца не так інтэнсіўна, як раней, і яго развіццё ў асноўным накіравана на тое, каб запоўніць геаграфічны і тэматычны дысбаланс. Аказалася, што ў Спісе сусветнай спадчыны сёння не так шмат увагі ўдзелена архітэктуры сучаснага перыяду, мадэрну, у прыватнасці, архітэктуры XX стагоддзя. На апошняй сесіі Камітэта сусветнай спадчыны, якая адбылася ў Стамбуле ў бягучым годзе, вялікі працэнт аб'ектаў, што ўвайшлі ў спіс, якраз адносяцца да архітэктуры мінулага стагоддзя. Таму экспертная супольнасць палічыла, што гэта вельмі перспектыўная намінацыя. Акрамя таго, сёння ў прыярытэце экспертаў ІКАМОС і Камітэта сусветнай спадчыны ў асноўным серыйныя, шматнацыянальныя намінацыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі