9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Плывец Ігар Бокій прынёс першы залаты медаль для беларускай зборнай на XV летніх Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінале плавання на дыстанцыі 100 м батэрфляем у катэгорыі S13 Ігар Бокій паказаў рэзультат 53,85 сек., абнавіўшы свой жа сусветны рэкорд, які раней быў устаноўлены на чэмпіянаце свету-2015 у Глазга (54,44 сек.). Другое месца заняў прадстаўнік Узбекістана Кірыл Панкоў - 56,84 сек., трэцім стаў яго суайчыннік Музафар Турсунхаджаеў - 57,26 сек.
Узнагарода Ігара Бокія стала першай у скарбонцы зборнай Беларусі. Для беларускага плыўца гэта ўжо шосты залаты медаль Паралімпіяд. У 2012 годзе ў Лондане ён пяць разоў падымаўся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару, перамагаючы ў плаванні.
Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра завершацца 18 верасня, у спаборніцтвах будзе разыграна больш за 500 камплектаў узнагарод. Беларускія атлеты выступяць у пяці відах спорту: плаванні, лёгкай атлетыцы, дзюдо, фехтаванні і акадэмічным веславанні.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў спартсмена-інструктара нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце, плыўца Ігара Бокія з заваяваннем залатога медаля на XV летніх Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра.
"Сардэчна віншую цябе з упэўненай і такой важнай для ўсіх нас перамогай! Праз пераадоленне і працу, праяўляючы неверагодную мужнасць і волю да перамогі, ты заваяваў свой шосты тытул чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў і даказаў, што роўных табе няма", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія перамогі ярка паказваюць, што мэтанакіраваны чалавек можа пераадолець усе абставіны і рассунуць межы магчымага.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усёй паралімпійскай дэлегацыі Беларусі ўпэўненасці ў сабе, жалезнай вытрымкі і сілы духу. "Так трымаць, мы з вамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.