18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Плывец Ігар Бокій стаў шасціразовым чэмпіёнам XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У заключны дзень турніру для плыўцоў беларус перамог на дыстанцыі 100 м на спіне ў катэгорыі S13 (для спартсменаў са слабым зрокам). Рэзультат чэмпіёна - 56,68 сек, што з'яўляецца новым сусветным рэкордам у гэтай дысцыпліне сярод паралімпійцаў. Другое месца заняў украінец Яраслаў Дзенісенка (59,02 сек). Бронзавую ўзнагароду заваяваў плывец Нікалас Гай Турбідэ з Канады (59,55 сек).
Залаты медаль у плаванні на 100 м на спіне стаў шостым для Ігара Бокія на Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Раней ён перамагаў на дыстанцыях 100 м батэрфляем, 200 м комплексным плаваннем, 50, 100 і 400 м вольным стылем. Таксама на рахунку беларуса бронза на дыстанцыі 100 м брасам.
Ігар Бокій па выніках выступлення ў Рыа з'яўляецца адзінаццаціразовым паралімпійскім чэмпіёнам. Чатыры гады таму плывец з Бабруйска пяць разоў узнімаўся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару.
Усяго ў скарбонцы беларускай зборнай на XV летніх Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра 10 медалёў (8 залатых і 2 бронзавыя ўзнагароды). Акрамя Ігара Бокія, які стаў уладальнікам сямі ўзнагарод, чэмпіёнамі Гульняў сталі плывец Уладзімір Ізотаў і Андрэй Праневіч, ён перамог у фехтаванні на калясках. Бронзавая ўзнагарода ў кіданні кап'я ў лёгкаатлета-паралімпійца Аляксандра Трыпуця.
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце Ігара Бокія з трыумфальным выступленнем на Паралімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гучна заявіўшы аб сабе на Паралімпіядзе ў Лондане, ты ўпарта і самааддана працаваў усе гэтыя гады, каб сёння перасягнуць свае высокія дасягненні на радасць шматлікім беларускім балельшчыкам, - гаворыцца ў віншаванні. - Два рэкорды свету, шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў, шэсць залатых і бронзавы медаль - выдатны вынік, якім усе мы захапляемся і ганарымся".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Ігар Бокій, нягледзячы на юны ўзрост, трывала замацаваўся ў эліце сусветнага паралімпійскага спорту, здабываючы гонар і славу для Радзімы.