24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску сёння пройдзе пленарнае пасяджэнне Рэспубліканскага педагагічнага савета. Удзел у ім прыме Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.
На мерапрыемства запрошаны больш за 800 чалавек. У іх ліку не толькі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовай вертыкалі ўлады, дэпутаты, але, перш за ўсё, работнікі ўстаноў адукацыі з усіх абласцей краіны і горада Мінска. У фармаце адкрытага мікрафона яны змогуць падзяліцца меркаваннямі і вопытам па тых ці іншых пытаннях. Мерапрыемства пройдзе ў максімальна адкрытым і дыскусійным ключы.
У час пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педсавета плануецца падрабязна абмеркаваць бягучыя трансфармацыі і тэндэнцыі адукацыйных працэсаў, шляхі іх адаптацыі да патрабаванняў часу і з улікам перадавога нацыянальнага і замежнага вопыту. Будзе дадзена ацэнка вынікам развіцця ў Беларусі ўсіх звёнаў сістэмы адукацыі, намечаны перспектывы іх удасканалення. У цэнтры ўвагі таксама роля педагога, прынцыпы і падыходы да выхавання падрастаючага пакалення.
Для ўдзельнікаў педагагічнага савета арганізавана выстаўка творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, новых тэхналогій у адукацыі. Адна з навінак - так званы разумны школьны аўтобус, які з дапамогай спецыяльнага праграмна-апаратнага комплексу дае магчымасць дадаткова забяспечыць бяспеку вучняў.
Тэлеверсію форуму з удзелам Прэзідэнта Беларусі можна будзе ўбачыць сёння ў эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" у 21.30.
Рэспубліканскі педсавет стартаваў напярэдадні шэрагам тэматычных секцый
, круглых сталоў. Спецыялісты паспелі абмеркаваць шырокае кола пытанняў, у тым ліку сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, уклад, які здольна ўнесці прафадукацыя ў інавацыйнае развіццё беларускай эканомікі, асноўныя напрамкі для вышэйшай школы, падрыхтоўку педагагічных кадраў. Сярод прапаноў, якія найбольш актыўна абмяркоўваліся, - пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю, скарачэнне набору ў ВНУ і адначасовае павелічэнне яго ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы, магчымае вяртанне пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў. Галоўная мэта форуму - вызначыць задачы на 2017/2018 навучальны год, абмеркаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы да 2020 года і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды.