1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску адкрыўся першы Еўразійскі форум маладых вучоных - Yes-форум, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Правядзенне гэтага форуму ў Мінску сведчыць аб тым, што супрацоўніцтва маладых вучоных з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і іншых краін як ніколі цеснае. Выбар Беларусі ў якасці пляцоўкі не выпадковы, таму што менавіта мы прапанавалі ідэю правядзення такога форуму", - паведаміў журналістам старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Андрэй Іванец перад пачаткам мерапрыемства.
У Yes-форуме прымаюць удзел амаль 500 маладых вучоных з Беларусі, Казахстана, Арменіі, Украіны, Турцыі, Германіі (удзельнікі прыехалі з 12 краін).
Галоўная мэта форуму - прадэманстраваць менавіта тыя распрацоўкі, якія выкананы ў кааперацыі маладых вучоных з розных краін. "Усе праекты, прадстаўленыя тут, сумесныя. Гэта найбольш буйныя інавацыйныя праекты, многія з іх ужо ўкаранёны", - падкрэсліў Андрэй Іванец.
Паводле яго слоў, у час форуму будуць паказаны дасягненні ў розных галінах - ад аховы навакольнага асяроддзя да медыцыны. Фокус мерапрыемства сканцэнтраваны на навуковых прарывах, эканамічных і сацыяльных працэсах, якія праходзяць на фоне інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. У ходзе работы форуму будуць вылучаны тры напрамкі: матэрыялазнаўства, навукі аб жыцці і сацыяльна-гуманітарныя навукі.
У час мерапрыемства праходзіць XII Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных "Моладзь у навуцы". "Таксама 2 снежня пройдзе круглы стол да 50-годдзя стварэння Савета маладых вучоных НАН Беларусі. Прыемна, што форум праводзіцца менавіта ў гэты час, паколькі 3 снежня 1965 года быў арганізаваны наш савет. У час круглага стала будзе прэзентавана кніга, апублікаваная да юбілею, дзе сабраны ўспаміны нашых вядучых вучоных, якія ў свой час узначальвалі савет маладых вучоных акадэміі", - адзначыў Андрэй Іванец.
Першы Еўразійскі форум маладых вучоных праходзіць 1-4 снежня ў Мінску. Мерапрыемства было прапанавана Саветам маладых вучоных НАН Беларусі і падтрымана ўсёй вучонай моладдзю краін ЕАЭС. Фармат прадугледжвае яго правядзенне адзін раз у два гады і ратацыю месца правядзення.