11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Названы пераможцы і лаўрэаты XІI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара", перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджвання.
Гран-пры "Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў" XІI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" падзялілі Беларускае тэлеграфнае агенцтва і газета "Рэспубліка". Беларускае тэлеграфнае агенцтва атрымала галоўную ўзнагароду конкурсу за праект "Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў". Высокай узнагароды таксама ўдастоены праект "Яны бралі Берлін" намесніка галоўнага рэдактара газеты "Рэспубліка" Васіля Мацвеева.
Узнагароды XІI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" планавалася ўручыць пераможцам у 26 намінацыях, аднак намінацыя "Партнёрства" на сёлетнім конкурсе не знайшла свайго адрасата.
Рэспубліканскія, абласныя СМІ прадставілі матэрыялы ў шасці намінацыях: "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі", "Лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі", "Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі", "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця", "Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі", "Лепшыя інтэрнэт-праекты".
Пераможцай у намінацыі "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі" названа газета "Советская Белоруссия", а аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь БЕЛТА Аліна Грышкевіч стала лаўрэатам.
"Залатой Літары" за "Лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі" ўдастоена "Сельская газета". Матэрыялы газеты "Белорусская военная газета. Во славу Родины" перамаглі ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі".
Статуэтка прафесійнага конкурсу ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця" ў газеты "Звязда" (праекты "Алімпіец" і "Спорт-тайм" спецыяльнага карэспандэнта Дар'і Лабажэвіч).
"Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі", на думку журы, прадставіў часопіс DipService. Аглядальнік аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі галоўнай рэдакцыі інфармацыі БЕЛТА Жанна Катлярова стала лаўрэатам у гэтай намінацыі.
"Лепшым інтэрнэт-праектам" рэспубліканскіх СМІ названы праект інтэрнэт-тэлебачання "СБ. ТВое сегодня" газеты "Советская Белоруссия".
Сярод рэгіянальных і шматтыражных СМІ таксама была высокая канкурэнцыя за ўзнагароды Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара". Агенцтва "Мінск-Навіны" (газеты "Вечерний Минск" і "Минский курьер") стала пераможцам у намінацыі "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі". Газета "Перспектива" (Гродзенскі раён) удастоена "Залатой Літары" ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі". "Лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі" - у газеты "Гомельские ведомости". Намінацыя "Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця" стала пераможнай для газеты "Полесская правда" (Пінскі раён). А газета "Новае жыццё" (Навагрудак) прапанавала "Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі". Сайт рэдакцыі газеты "Бабруйскае жыццё" выйграў у намінацыі "Лепшы інтэрнэт-праект".
Газета "Знамя юности" стала першай у намінацыі "Лепшыя матэрыялы маладзёжнай тэматыкі", а ўзнагароды ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы для дзяцей і юнацтва" ўдастоена серыя часопісаў-трэнажораў "Отличник". "Лепшыя матэрыялы для вольнага часу", на думку журы, прадставіў часопіс "Хозяин".
У ліку пераможцаў у персанальных намінацыях - спецыяльны карэспандэнт аддзела сацыяльных праблем газеты "Советская Белоруссия" Дзмітрый Умпіровіч. Журналіст стаў пераможцам у намінацыі "Лепшы рэпарцёр". Аглядальнік аддзела эканамічнай і навуковай інфармацыі галоўнай рэдакцыі інфармацыі БЕЛТА Юлія Дылянок узнагароджана дыпломам у гэтай намінацыі.
"Лепшым аглядальнікам" названа рэдактар аддзела рэгіянальнай інфармацыі галоўнай рэдакцыі інфармацыі БЕЛТА Алена Прус. Яшчэ адзін прадстаўнік Беларускага тэлеграфнага агенцтва вядучы фотакарэспандэнт Андрэй Пакумейка атрымаў лаўры "Лепшага фотакарэспандэнта".
"Лепшым рэдактарам інтэрнэт-сайта" стаў намеснік галоўнага рэдактара, начальнік упраўлення інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия" Дзмітрый Партон. Дыплом у гэтай намінацыі ўручаны начальніку аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў БЕЛТА Івану Сінічкіну.
Вядомы беларускі фотамайстар, які многія гады працуе ў газеце "Звязда", загадчык аддзела фотаілюстрацыі газеты "Звязда" Анатоль Кляшчук стаў уладальнікам узнагароды ў намінацыі "За ўклад у развіццё журналістыкі".
Перамогу ў намінацыі "Лепшы творчы праект года рэгіянальных, шматтыражных друкаваных СМІ" святкуе газета "Астравецкая праўда" - лепшым стаў яе праект "НЕабмежаваныя магчымасці".
Журы конкурсу назвала таксама ўладальнікаў спецыяльных дыпломаў. Спецыяльнага дыплома "Студэнцкі ракурс" удастоена газета "Весці БНТУ", якая прадставіла лепшыя аўтарскія матэрыялы грамадска значнай тэматыкі друкаваных СМІ вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў. Часопіс "Военно-промышленный комплекс ВПК. Беларусь. Military-industrial complex VPK" Ваеннага інфармацыйнага агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь "Ваяр" атрымаў спецыяльны дыплом "25 гадоў СНД" за лепшыя матэрыялы па тэматыцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Спецыяльнага дыплома "20 гадоў саюзнага будаўніцтва" за лепшыя матэрыялы па тэматыцы саюзнага будаўніцтва ўдастоены праект "Саюзная дзяржава - наш агульны дом" галоўнага рэдактара газета "Зорька" Людмілы Грамовіч і матэрыялы рэдактара аддзела міжнародных праектаў "Народнай газеты" - газеты "Союзное вече" Германа Маскаленкі.
Спецыяльны дыплом "За ўкараненне інавацыйных тэхналогій і новых фарматаў распаўсюджвання інфармацыі" ўручаны Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву за распрацоўку мабільнага дадатку "Выбары-2015".
Мэты конкурсу "Залатая Літара" - усямернае садзейнічанне развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтваў рэспублікі, актуалізацыя значных тэматычных напрамкаў дзейнасці друкаваных СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнне прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню друкаваных СМІ, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ, а таксама прэс-сакратароў і работнікаў прэс-службаў органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый. Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Беларусі.