7 лістапада, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. На прызаводскай плошчы Мінскага трактарнага завода адбылася прэзентацыя новай мадэлі трактара "Беларус-4522" магутнасцю 450 к. с., перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Трактар з'яўляецца найноўшай распрацоўкай ААТ "МТЗ" і адпавядае апошнім тэндэнцыям у развіцці сусветнага трактарабудавання. Гэта самы магутны трактар у лінейцы прадукцыі МТЗ і адзін з самых магутных колавых трактароў у свеце.
"Лічба 450 для Беларусі вядомая. Так, зусім нядаўна БелАЗ выпусціў 450-тонны самазвал, які стаў самым магутным самазвалам у свеце. Думаю, што лічба 450 дасць магчымасць у бліжэйшы час Мінскаму трактарнаму заводу выйсці на перадавыя рубяжы", - сказаў міністр прамысловасці Віталь Воўк у час прэзентацыі трактара. Паводле яго слоў, самае галоўнае, каб тэхніка была па заслугах ацэнена спажыўцамі - сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, для якіх яна і ствараецца.
У сваю чаргу генеральны дырэктар ААТ "Мінскі трактарны завод" Фёдар Дамаценка адзначыў, што калектыў МТЗ мае свае традыцыі, ён заўсёды ўпэўнена ідзе наперад. Паводле яго слоў, такіх трактароў, як прэзентаваны, у свеце ўсяго два. "Мы выйшлі на новы ўзровень тэхнікі", - запэўніў Фёдар Дамаценка.
"Беларус-4522" уяўляе сабой трактар агульнага прызначэння цягавага класа 8 з колавай формулай 4К4, выкананы па класічнай кампаноўцы. На яго ўстаноўлены рухавік Caterpillar C13, што адпавядае па выкідах шкодных рэчываў нормам Stage-IIIA. Трансмісія забяспечвае 16 перадач пярэдняга ходу, 8 перадач задняга ходу. Кіраванне - электрагідраўлічнае. "Спалучэнне магутнага рухавіка, сучаснай трансмісіі, сістэм адбору магутнасці, навясных сістэм, камфортнай кабіны, хадавой сістэмы дае магчымасць выкарыстоўваць трактар "Беларус-4522" на самых цяжкіх энергаёмістых работах у сучаснай сельскай гаспадарцы", - расказалі на МТЗ. Там запэўнілі, што асабліва эфектыўным будзе выкарыстанне гэтых трактароў у краінах, якія маюць вялікія пасяўныя плошчы, напрыклад, у Казахстане і Расіі.