19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Марыя Мамашук (вагавая катэгорыя да 63 кг) заваявала сярэбраную ўзнагароду алімпійскага турніру па жаночай барацьбе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным паядынку Марыі Мамашук процістаяла японка Рысака Каваі. Ужо на першай мінуце беларуска прапусціла атаку ў ногі, за што яе саперніца зарабіла 2 балы. Мамашук спрабавала контратакаваць, але японскай атлетцы ўдавалася стрымліваць наступальныя парывы беларускі. Да канца першага перыяду сустрэчы лік быў 2:0 на карысць Каваі. Заключная трохмінутка таксама прайшла пад дыктоўку японкі. Яна змагла правесці практычна аналагічную атаку той, якая ў яе атрымалася ў першым перыядзе: прайшла ў ногі беларусцы і зноў атрымала 2 балы. Пад канец паядынку Рысака Каваі ўдалося яшчэ адно рэзультатыўные дзеянне, ацэненае зноў на 2 балы. Такім чынам, яна выйграла паядынак з сухім лікам 6:0.
Дэбютантка Алімпійскіх гульняў Марыя Мамашук, выступаючы на даване ў Рыа, перамагла прадстаўніцу Казахстана Кацярыну Ларыёнаву (у 1/8 фіналу; лік - 8:2), шведку Катарыну Ёхансен (у 1/4 фіналу; 7:2) і амерыканскую атлетку Алену Піражкову (у 1/2 фіналу; 3:2).
Да заваявання сярэбранай алімпійскай узнагароды да найбольш значных поспехаў у кар'еры Марыі Мамашук належыць выйгрыш золата на чэмпіянаце Еўропы-2016 і бронзы на першых Еўрапейскіх гульнях у 2015 годзе. Беларуская спартсменка ўпершыню прыняла ўдзел у фінальным паядынку алімпійскага турніру па жаночай барацьбе ў вазе да 63 кг. Бронзавымі прызёрамі Алімпіяды-2016 у гэтай вазе сталі полька Моніка Ева Міхалік і прадстаўніца Казахстана Кацярына Ларыёнава.
19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр
Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па жаночай барацьбе Марыю Мамашук з заваяваннем сярэбранага медаля Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара."Сардэчна віншую цябе з заваяваннем сярэбранага медаля Алімпіяды 2016 года! У гэтым сезоне ты рашуча ўварвалася ў эліту сусветнай барацьбы, а самае галоўнае - пацвердзіла свой высокі клас на галоўных гульнях чатырохгоддзя", - гаворыцца ў віншаванні.
"Твой медаль - сапраўдны прарыў, першае значнае алімпійскае дасягненне беларускай жаночай барацьбы. Упэўнены, што гэта - пачатак вялікага шляху і наперадзе цябе чакае шмат яркіх перамог", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.