20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У "Раўбічах" завяршыўся заключны этап Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы. Па яго выніках беларусы заваявалі два медалі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У спаборніцтвах мужчын беларус Максім Гусцік заняў другое месца, а ў жанчын Аляксандра Раманоўская апынулася на трэцім радку падагульняючага пратакола.
Пераможцай этапу ў Раўбічах у жанчын стала амерыканка Эшлі Колдуэл, якая выдатна выканала свой скачок у суперфінале, - 103,27 бала. Другое месца ў аўстралійкі Даніэлы Скот - 96,93 ачка. Трэцяе месца ў Аляксандры Раманоўскай - 80,33 бала. За крок ад п'едэстала (чацвёртае месца) спынілася беларуска Ганна Гуськова - 75,11 бала.
Пасля ўзнагароджання бронзавы прызёр этапу Кубка свету Аляксандра Раманоўская расказала, што не чакала такога высокага рэзультату. "Заўсёды вельмі хвалююся, калі выступаю дома. Стаю на схіле перад пачаткам выканання скачка і ўяўляю, што знаходжуся не ў Раўбічах. Вельмі рада сваёй бронзавай узнагародзе. Я сваю праграму выканала без памылак і апынулася на п'едэстале", - адзначыла беларуская спартсменка.
У спаборніцтвах сярод мужчын нечакана першым стаў амерыканец Крыстафер Ліліс, абедзве яго спробы ў фінале былі ўдалымі, што дало магчымасць атрымаць 111,78 бала. Беларус Максім Гусцік выканаў скачок у суперфінале, як прызнаўся сам спартсмен, выдатна, але апярэдзіць прадстаўніка ЗША яму не ўдалося - 109,50 бала. Бронзавым прызёрам стаў Ілья Бураў з Расіі - 104,07 бала. Другі беларускі лыжны акрабат Станіслаў Гладчанка заняў чацвёртае месца - 83,02 бала.
Для Максіма Гусціка прызавое месца на этапах Кубка свету ў сезоне 2015/2016 стала другім. Раней беларус атрымаў перамогу на этапе Кубка свету ў Пекіне.
"Прыемна апынуцца ў прызёрах на родным схіле, дзе шмат трэніраваўся і раней не выйграваў медалёў. Перамог амерыканец, які ў адрозненне ад больш вопытных сапернікаў у вырашальнай спробе не стаў рызыкаваць, усё добра зрабіў у паветры, удала прызямліўся. Мы ж, больш вопытныя спартсмены, стараліся паказаць складаныя скачкі, што і паўплывала на ацэнкі. Я рызыкаваў, паколькі неабходна было ўзняцца вышэй у падагульняючым пратаколе і апынуцца ў тым ліку ў прызёрах агульнага заліку Куба свету. Выступленнем у Раўбічах задаволены, але сезонам не вельмі. Мне пад сілу было выйграць агульны залік Кубка свету", - пракаменціраваў пасля выступлення Максім Гусцік.
У агульным заліку Кубка свету ў мужчын перамогу святкаваў Аляксандр Абраменка з Украіны - 310 ачкоў, Максім Гусцік стаў другім - 276 балаў, трэцяе месца ў расіяніна Пятра Мядуліча - 244 балы. У жанчын Вялікі крыштальны глобус па выніках сезону ў лыжных акрабатаў дастаўся амерыканцы Эшлі Колдуэл - 409 ачкоў, аўстралійка Даніэла Скот стала другой - 325 ачкоў, расіянка Аліна Грыднёва на трэцяй пазіцыі - 247 ачкоў. Беларуска Аляксандра Раманоўская па выніках Кубка свету ўвайшла ў дзясятку лепшых, размясціўшыся на дзявятым месцы, - 206 ачкоў. Ганна Гуськова завяршыла сезон на 11-м месцы ў агульным заліку - 190 балаў.