12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 снежня на пасяджэнні Савета бяспекі зацвердзіў задуму абароны Беларусі на наступную пяцігодку (2026-2030 гады), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кіраўніку дзяржавы мы прадставілі задуму абароны нашай краіны, якая ў далейшым стане асновай рашэння на абарону і дасць магчымасць Генеральнаму штабу і ўсім дзяржаўным органам кіравання, якія ўдзельнічаюць у распрацоўцы гэтай задумы, пачаць планаванне абароны нашай дзяржавы ў выпадку ўзнікнення агрэсіі", - расказаў па выніках пасяджэння міністр абароны Віктар Хрэнін.
Паводле яго слоў, зацверджаная задума абароны была распрацавана на падставе глыбокага аналізу падзей 2020 года і расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, а таксама з улікам унесеных змяненняў у Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі.
"Нам трэба будзе больш дэталёва заняцца планаваннем, вызначыць ролю і месца кожнага дзяржаўнага органа і аж да таго, што кожнага грамадзяніна нашай краіны ў забеспячэнні абароны нашай дзяржавы. Гэта планавая работа, ніякая не "надзвычайшчына". Мы зыходзім з таго, што ніякіх агрэсіўных планаў у дачыненні да іншых дзяржаў у нас няма. Наша мэта - стварыць умовы недапушчэння ваеннай агрэсіі і ўцягвання нашай краіны ў вайну, а ў выпадку, калі гэта адбудзецца, то даць надзейны адпор", - падкрэсліў міністр абароны.
Некаторыя дэталі задумы абароны Беларусі журналістам раскрыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка. Паводле яго слоў, гэта сістэмны дакумент, які з'яўляецца фундаментам стратэгічнага планавання абароны. У ім прадстаўлены пяць асноўных напрамкаў.
"Гэта зніжэнне ўзроўню ваеннай небяспекі і прадухіленне ваенных канфліктаў (гэта значыць, тыя дзеянні, якія будуць прымацца намі ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і ваеннай сферах для таго, каб гэта забяспечыць). Гэта падрыхтоўка дзяржавы да абароны, якая ахоплівае ўсе сферы, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы ваеннай сферай. Гэта варыянты ўзброенай абароны нашай краіны пры розных сучасных канфліктах. Акрамя таго, гэта пытанні па падрыхтоўцы эканомікі дзяржавы і дзяржавы ў цэлым да функцыянавання ва ўмовах вядзення ваенных дзеянняў", - адзначыў начальнік Генштаба.
У сваю чаргу дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў, што пасяджэнне было прысвечана разгляду дакументаў сярэднетэрміновага планавання.
"У наступным годзе завяршае дзеянне План абароны дзяржавы. Зразумела, трэба ўлічваць рэаліі, негатыўныя тэндэнцыі і закладваць іх у новы дакумент. Тым больш што мы бачым, што адбываецца сёння ў свеце: у Сірыі, Грузіі, Малдове і іншых дзяржавах, - заўважыў дзяржсакратар. - На працягу года дзяржаўныя органы пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба будуць дэталёва распрацоўваць дакументы Плана абароны дзяржавы. Структура Плана абароны сёння таксама зацверджана Прэзідэнтам. На працягу года будуць праведзены дэталёвыя разлікі, разгледжаны дакументы, і на падставе гэтага ў кастрычніку-лістападзе наступнага года будзе складзены і вынесены на зацвярджэнне Савета бяспекі камплект дакументаў Плана абароны дзяржавы".