22 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі органамі пагранічнай службы ў 2018 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рашэнне на ахову дзяржграніцы прынята з улікам новых элементаў абстаноўкі. У іх ліку ўзмацненне сумежнымі дзяржавамі аховы знешняй граніцы ЕС у сувязі з існуючым міграцыйным крызісам, а таксама павышэннем узроўню тэрарыстычнай небяспекі ў краінах Заходняй Еўропы; захаванне высокай рызыкі кантрабанднага перамяшчэння ў Беларусь зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і іншых сродкаў тэрору.
Прыярытэтнымі задачамі органаў пагранічнай службы вызначаны папярэджанне нелегальнага пранікнення ў Беларусь тэрарыстаў, экстрэмістаў, а таксама перамяшчэння сродкаў тэрору, экстрэмісцкай і іншай злачыннай дзейнасці; недапушчэнне нелегальнага перамяшчэння ў краіну кантрабандных грузаў і іншых тавараў; барацьба з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам; нарошчванне інфраструктуры на граніцы і прыгранічнай тэрыторыі.
Для вырашэння названых задач прадугледжваецца ўдасканаленне сумесна з мытнымі органамі парадку пропуску праз граніцу фізічных асоб і транспартных сродкаў, удасканаленне сістэмы маніторынгу абстаноўкі, укараненне ў дзейнасць органаў пагранічнай службы новых тэхналогій.
У рашэнні таксама ўлічаны змяненні ў структуры тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы, звязаныя з выстаўленнем новых падраздзяленняў на ўкраінскім і прыбалтыйскім напрамках.