6 лістапада, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка вышэй за ўсё ставіць сабе за мэту надзейную абарону інтарэсаў краіны, яе канстытуцыйных асноў і тэрытарыяльнай цэласнасці. Аб гэтым ён заявіў сёння на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы беларускаму народу і Прэзідэнту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Узначаліць дзяржаву - вялікая адказнасць перад сваім народам і Айчынай, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што "ўступленне Прэзідэнта на пасаду - гэта заўсёды новы этап у жыцці краіны і чарговы гістарычны адрэзак часу, з якім грамадства звязвае свае надзеі на будучае".
"Свет вакол нас не стаў больш паспяховым. І гэта аказвае свой негатыўны ўплыў на Беларусь. Але мы абавязкова захаваем нашу дзяржаву. Мы даражым нашай Радзімай. Будзем адзіныя, паслядоўныя і настойлівыя ў стваральнай працы, прынцыповыя і рашучыя ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў", - заклікаў Прэзідэнт.
Беларусь, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, ніколі нікому не пагражала і пагражаць не будзе: "наша ваенная мэта - абараніць свой кавалак зямлі, на якім спрадвеку жыла частка славянскага народа - беларусы - чыстая, прыгожая і адукаваная нацыя".
"Мы нікому не аддадзім ні кавалка нашай зямлі, не пагражаючы нашым суседзям і іншым дзяржавам. Нам не трэба чужога, але і свайго не аддадзім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Людзі ў пагонах, паводле яго слоў, павінны абараняць сваю зямлю, сем'і, родных. "Мы жыццём сваім павінны абараніць нашу краіну, у якой будзе жыць мірная і паспяховая нацыя", - перакананы кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што Беларусь будзе і ў далейшым у поўнай меры выконваць узятыя на сябе па міжнародных дагаворах і пагадненнях абавязацельствы па захаванні міру. "Бяспечная будучыня Беларусі залежыць толькі ад нас з вамі і ні ад каго іншага. Для паспяховага развіцця краіны ў нас ёсць абсалютна ўсё неабходнае: шматвяковая нацыянальная культура, духоўныя каштоўнасці, эканамічны і навуковы патэнцыял. А галоўнае - добрыя і дастойныя людзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Разам мы ўжо зрабілі вельмі шмат на складаным шляху дзяржаўнага станаўлення і развіцця. У стваральнай працы нас аб'ядноўвалі любоў да Радзімы, упэўненасць у сваіх сілах і імкненне да агульнага дабрабыту. Усе гэтыя гады нацыянальная сістэма забеспячэння бяспекі была гарантам аховы мірнай працы беларускага народа ад любых пагроз", - канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Сёння Беларусь - паўнапраўны, аўтарытэтны член сусветнай супольнасці, гатовы абараніць ад замахаў свой суверэнітэт. Гэта краіна высокіх сацыяльных стандартаў, у якой забяспечаны стабільнасць і грамадзянская згода".
Ён звярнуў увагу, што сёння на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў адзіным страі стаяць прадстаўнікі ўсіх сілавых структур дзяржавы, здольныя забяспечыць мірныя ўмовы для стваральнай працы. "Пад вашай надзейнай абаронай, нашай абаронай, усе разам мы пераадолеем любыя цяжкасці і вырашым самыя маштабныя задачы на карысць нашага агульнага дома - Рэспублікі Беларусь!" - выказаў упэўненасць Прэзідэнт.