29 верасня, Нью-Ёрк /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, заклікаў сусветных лідараў пакончыць з войнамі і канфліктамі на планеце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Менш за ўсё я хачу, каб мае словы з гэтай трыбуны ў другі дзень яшчэ раз прагучалі па-прарочы, але сёння нельга пазбавіцца ад адчування, што ў свеце маячыць прывід чарговага вялікага канфлікту, калі не вайны, - сказаў беларускі лідар. - Нам нельга дапускаць, каб гэты злавесны прывід стаў явай!"
"Вось мы сабраліся сёння. Учора абмяркоўвалі вельмі важную праблему, намецілі праграму развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Я ўжо гаварыў: для вельмі многіх, для мільёнаў жыхароў нашай планеты "ўстойлівае развіццё" гучыць па-кашчунску, таму што яны паміраюць кожны дзень, паміраюць дзеці, старыя. І нам сёння сабрацца б і прыняць толькі адно рашэнне - пакончыць з войнамі і канфліктамі, хаця б з тымі, якія сёння разгарэліся і бушуюць на нашай планеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На заканчэнне свайго выступлення Прэзідэнт Беларусі прывёў цытату Нэльсана Мандэлы. "Гэты нязломны змагар за справядлівасць у свеце, звяртаючыся да сучаснікаў, сказаў: "Часам на пакаленне выпадае доля стаць вялікім. Вы можаце стаць гэтым пакаленнем". Вельмі спадзяюся, што такая доля выпадзе менавіта нашаму пакаленню. Я веру, што мы знойдзем у сабе сілы і разважлівасць зрабіць усё, каб змяніць свет да лепшага. Іншага не дадзена", - сказаў беларускі лідар.