26 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае моладзь шукаць шчасце перш за ўсё на радзіме. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з навучэнцамі "Моладзь. Погляд у будучыню", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Менавіта пад нашым небам - Беларусі - вы зможаце быць у поўнай ступені шчаслівымі і ажыццявіць сваю мару", - упэўнены беларускі лідар.
Ён адзначыў, што, вядома, можна паехаць і за мяжу, як робяць некаторыя. "Мы нікога не ўтрымліваем", - дадаў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, як паказвае практыка, потым можа быць даволі складана зноў інтэгравацца ў родную краіну, знайсці сваё месца ў грамадстве. "Галоўнае - гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як Прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючым якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.
"Вы - наша надзея, багацце краіны. І мы абавязаны зрабіць і будзем рабіць усё для таго, каб вы прыжыліся на гэтай зямлі, каб вы цанілі гэту зямлю і абаранялі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама ўпамянуў аб ініцыятарах перспектыўных і цікавых маладзёжных праектаў у розных рэгіёнах Беларусі. "Гэта заслугоўвае не толькі падтрымкі, але павагі ўжо. Гэтыя людзі робяць тое вялікае, што ўзнімае краіну, што напаўняе зместам усё наша жыццё. Калі будуць рэалізаваны гэтыя і іншыя праекты, яны прынясуць сусветную славу Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.