19 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў вузкім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Доўгія каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых граніц і непрацуючых прадпрыемстваў які-небудзь значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ўсё часцей гучаць самыя негатыўныя прагнозы экспертаў для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на бліжэйшую і аддаленую перспектыву. Адной з найбольш асаблівых праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. "Таму сёння нам вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Спадзяёмся, што Расія як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб'яднання будзе суадносіць меры, якія прымаюцца па аднаўленнні эканамічнага росту, з нашымі дамоўленасцямі ў рамках саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін", - дадаў кіраўнік дзяржавы.