30 чэрвеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасам Бахам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На сустрэчы абмяркоўвалася далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з МАК па лініі алімпійскага руху. Плануецца, што Томас Бах вечарам будзе прысутнічаць на цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў.
Томас Бах на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам расказаў, што ўпершыню наведаў Мінск 50 гадоў таму ў якасці дзеючага спартсмена і з той пары гэта яго першы візіт у Беларусь. "У мяне захаваліся вельмі добрыя ўспаміны з тых часоў", - дадаў ён.
Прэзідэнту Беларусі на сустрэчы быў уручаны юбілейны медаль Міжнароднага алімпійскага камітэта, выпушчаны да 125-годдзя арганізацыі.
Размаўляючы з журналістамі пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, прэзідэнт МАК адзначыў арганізацыю II Еўрапейскіх гульняў, а таксама паспяховае выступленне беларускай каманды. "Па-мойму, для ўсяго беларускага народа гэта падстава для гонару", - сказаў ён. Томас Бах плануе наведаць некаторыя спаборніцтвы, а таксама азнаёміцца са спартыўнай інфраструктурай Мінска.