20 верасня, Барысаў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Сумесная ваенная дзейнасць Беларусі і Расіі служыць выключна абароне нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на Барысаўскім палігоне ў час агляду войскаў, якія ўдзельнічаюць у сумесным стратэгічным беларуска-расійскім вучэнні "Захад-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што сучасная ваенна-палітычная абстаноўка характарызуецца нарастаннем актыўнасці ў ваеннай дзейнасці па ўсім свеце. У гэтых умовах Беларусь разам з брацкай Расіяй забяспечвае бяспеку Саюзнай дзяржавы, а таксама краін - удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.
"Мы ўсямерна падтрымліваем неабходны ваенны патэнцыял і сумесна прымаем меры па прадухіленні ваенных пагроз Беларусі і Расіі, удасканаленні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пры гэтым сумесная ваенная дзейнасць і супрацоўніцтва з Расіяй у правядзенні вучэнняў не накіраваны супраць трэціх краін і служаць выключна абароне нашых нацыянальных інтарэсаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, змаглі пераканацца прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса і шматлікіх міжнародных арганізацый, якія прысутнічаюць на завяршальным этапе вучэння.
"Мы нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. З нашых зямель не зыходзілі пагрозы і войны, але той, хто прыходзіў на гэту зямлю, заўсёды атрымліваў дастойны адпор. Гэта ідэалагічны складнік нашых вучэнняў. Іншага няма і быць не павінна", - заявіў беларускі лідар.